Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сэ́рцайка, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да сэрца ​1 (у 1, 2 знач.). Выйду ў поле, выйду ў луг, Сяду пры дарозе. А ці прыйдзе любы друг? Сэрцайка ў трывозе. Дзеружынскі. // перан. Пра што‑н., што мае форму сэрца. Дае ж яшчэ жыць казкам, як не тут? Тут, дзе нават святло з-за аканіц прабіваецца ў пакой праз выразныя сэрцайкі. Караткевіч.

2. Ласкавы зварот да чалавека, які адпавядае слову «дарагі» (у 3 знач.). Маё сэрцайка.

сэрцападо́бнік, ‑а, м.

Марскі пласцінашчэлепны малюск у ракавіне, які па форме нагадвае сэрца ​1.

сэрцападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які па форме нагадвае сэрца ​1 (у 1 знач.). Трапеча [асіна] Сэрцападобным лістком, Нібы ў прадчуванні Сустрэч з юнаком! Лойка.

сэ́тльмент, ‑а, М ‑нце, м.

Гіст. Асобы раён у горадзе, які ствараўся ў залежных краінах імперыялістычнымі дзяржавамі для пражывання іх падданых.

[Англ. settlement — пасяленне.]

сэцэ́сія, ‑і, ж.

1. У Старажытным Рыме — дэманстрацыйны выхад плебеяў за рысу горада, што з’яўлялася своеасаблівай формай іх барацьбы з патрыцыямі. // Раскол у якой‑н. арганізацыі.

2. Назва антыпартыйнай нацыяналістычнай групоўкі, якая ўтварылася ў снежні 1924 года ў Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Тады Гурын арганізоўвае раскол партыі (так званую сэцэсію) і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.

[Лац. secessio — пакідаць.]

сюдо́й і сюдо́ю, прысл.

Абл. У гэтым напрамку, у гэты бок. — З коньмі сюдой не пралезеш! — сказаў Серада. Брыль.

сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

сюды́-туды́, прысл.

1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.

2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.

3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.

сюдэ́й і сюдэ́ю, прысл.

Абл. У гэтым напрамку, у гэты бок. Я сюдэй пайду, — сказаў .. [чалавек], паказаўшы рукой у прасцяг сцежкі на ўзгорак, за якім мясціліся вясковыя гумны. Галавач.

сюд-ту́д, прысл.

Разм.

1. Раз-пораз, вельмі часта. Шэрая вязаная хустка з пушком абдымала яе плечы. Жанчына сюд-туд папраўляла хустку, нацягваючы яе ўверх. Пестрак. Гарасім сюд-туд кідаў вокам на маю работу. Якімовіч.

2. Узад і ўперад, з аднаго боку ў другі. Мы з рэдактарам шпацыравалі сюд-туд па калідоры. Сабаленка. На досвітку цягач з важкім трохвугольнікам двойчы прайшоў сюд-туд і прабіў дарогу з аэрадрома ў Міхалі. Алешка. // З аднаго месца ў другое. Я хацеў зноў прылегчы і пачаў папраўляць ватоўку. «Дзе ж рэчавы мяшок?» — махнуў я рукою сюд-туд. Няма. С. Александровіч.