Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чырванабо́кі, ‑ая, ‑ае.

З чырвоным бокам. [Хлопчык] ласкава паглядзеў на кругленькія шчочкі дзяўчынкі, на яе ружовы банцік, зірнуў у чорныя вочкі і падаў з кошыка чырванабокі яблык. Пальчэўскі.

чырванава́ты, ‑ая, ‑ае.

З чырвоным адценнем, па колеру блізкі да чырвонага. Янтарна паблісквалі на чырванаватым ствале пацёкі смалы. Лынькоў.

чырванаве́рхі, ‑ая, ‑ае.

З чырвоным верхам. Ля станцыйнага будынка заварушыліся нешматлікія пасажыры, вось-вось павінен быў ударыць звон, да якога падыходзіў чалавек у чырванаверхай шапцы. Хадкевіч.

чырванаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З чырвонымі вачамі. Я шмаргануў і выкінуў на бераг чырванавокую плотку. Ляўданскі.

чырванагру́ды, ‑ая, ‑ае.

З чырвонымі грудзьмі (звычайна пра птушак). Чырванагрудыя дзятлы парамі, адзін за другім, праляталі над дарогай. Гурскі.

чырванагу́бы, ‑ая, ‑ае.

З чырвонымі губамі. Чырванагубая дзяўчына.

чырванадзю́бы, ‑ая, ‑ае.

З чырвонай дзюбай. Зямлі — з жабрачы вузел, Ды ў дзеда на страсе Чырванадзюбы бусел Спаў на адной назе. Лужанін.

чырванадрэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з чырвонага дрэва. Чырванадрэўная мэбля.

чырванадрэ́ўшчык, ‑а, м.

Спецыяліст, які вырабляе мэблю з каштоўных сартоў драўніны. З зялёнага Палесся і з берагоў быстраплыннага Нёмана, з Віцебшчыны і з Магілеўшчыны пайшлі будаўнікі — .. цесляры і чырванадрэўшчыкі. «Маладосць».

чырваназём, ‑у, м.

Урадлівая, багатая перагноем жалезістая глеба субтрапічнай зоны.