Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упаўза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. упаўзаць — упаўзці.

упаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упаўзці.

упаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. упоўз, упаўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, узлезці ўнутр чаго‑н. (аб паўзунах, насякомых). Змяя ўпаўзла ў нару. Жук упоўз у шчыліну.

2. Паўзком забрацца куды‑н. А старэйшы сын дык упоўз у хату на каленях, ледзьве цераз парог перабраўся. Чорны. // перан. Разм. З цяжкасцю, павольна ўвайсці куды‑н. У дзверы ўпоўз тоўсценькі, чырвоненькі, нібы пераспелая вішня, віцэ-прэзідэнт сталёвай кампаніі. Мікуліч.

3. перан. Разм. Закрасціся, пранікнуць (пра страх, трывогу, сумненне і пад.). І ва ўсё гэтае буянае свята раптам упаўзла трывога. Караткевіч. / у вобразным ужыв. І прыйшоў такі час, калі на падворак Гарася ўпаўзла цішыня, упаўзла і пасялілася на ім назаўсёды. Ракітны.

упаўнава́жанне, ‑я, н.

У выразе: па ўпаўнаважанню каго-чаго — на падставе дадзеных кім‑н. паўнамоцтваў, даверанасці. Па ўпаўнаважанню народнага кантролю камісія праверыла выдаткаванне сродкаў.

упаўнава́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад упаўнаважыць.

2. у знач. наз. упаўнава́жаны, ‑ага, м.; упаўнава́жаная, ‑ай, ж. Афіцыйная асоба, якая дзейнічае на падставе якіх‑н. паўнамоцтваў. [Андрыян Цітавіч] ужо амаль не стыкаўся дома: то ўпаўнаважаным ехаў у калгас, то дакладчыкам... Марціновіч.

упаўнава́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да упаўнаважваць.

упаўнава́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упаўнаважыць.

упаўнава́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што на што і з інф.

Даць паўнамоцтвы на правядзенне чаго‑н., даверыць зрабіць што‑н. ад чыйго‑н. імя. Упаўнаважыць пасла на вядзенне перагавораў. Упаўнаважыць касіра атрымаць грошы па даверанасці. □ — Сход нас і ўпаўнаважыў, — уставіў Вітушка. Шамякін.

упаце́лы, ‑ая, ‑ае.

Спацелы. К сталу падышоў упацелы, запэцканы, без шапкі на галаве, малады хлопец. Мурашка.

упаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць потным, спацець. Невысокі рыжаваты хлопец звяртаецца да Блахіна: — ..Твае хлопцы ўсё робяць, нібы гуляючы, з перакурамі, з жарцікамі, і ні адзін не ўпацее, а мы аж са скуры вылузваемся. Грахоўскі. — Пакажыце данясенне Дзічкоўскага, — папрасіў Сякач. Косцін упацеў, шукаючы яго. Алешка.