крыжападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд, форму крыжа. Крыжападобны меч.
крыжа́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да крыжакоў. Крыжацкія войны.
крыжачо́к, ‑чка, м.
Беларускі народны танец у двухдольным размеры, а таксама музыка да гэтага танца.
крыжо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да крыжа (у 1–5 знач.).
2. Які па форме нагадвае крыж. Крыжавае скляпенне.
•••
Крыжовы паход гл. паход.
кры́жык, ‑а, м.
1. Памянш. да крыж (у 1, 4 знач.); маленькі крыж. Яніна здымае з сябе залаты крыжык. Козел. — А ты хоць які крыжык заслужыў? Грахоўскі.
2. Тое, што і крыж (у 3 знач.). На графіку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя лініі, рыскі, крыжыкі, кружочкі, лічбы. Васілёнак.
крыз, ‑у, м.
Раптоўнае рэзкае абвастрэнне захворвання. Гіпертанічны крыз.
[Ад фр. crise — прыступ.]
кры́зіс, ‑у, м.
1. Рэзкі пералом, пераходны стан, абвастрэнне становішча. Адчуваецца крызіс мяшчанскай сям’і, што існуе на маральных асновах старой патрыярхальнай Расіі. «Полымя».
2. Пераломны момант у ходзе хваробы, які вядзе да паляпшэння або пагаршэння стану хворага. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч.
3. Перыядычная перавытворчасць тавараў у капіталістычнай гаспадарцы, якая вядзе да разарэння дробных вытворцаў, да скарачэння вытворчасці, да павелічэння колькасці беспрацоўных. Эканамічны крызіс. Прамысловы крызіс.
4. Недахоп чаго‑н., цяжкасці з чым‑н. Паліўны крызіс. Жыллёвы крызіс. // Разм. Цяжкае становішча, безграшоўе. Крызіс з грашамі.
•••
Палітычны крызіс — палітычнае становішча, якое характарызуецца рэзкім абвастрэннем класавай барацьбы працоўных супраць пануючай эксплуататарскай вярхушкі і няздольнасцю апошняй кіраваць грамадствам.
Урадавы крызіс — перыяд, калі пытанне аб адстаўцы старога ўраду рашылася, а новы ўрад яшчэ не сфарміраваўся.
[Ад грэч. krísis — рашэнне, прыгавор.]
кры́зісны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да крызісу. Крызісны момант. Крызіснае становішча.
крык, ‑у, м.
1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.
3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.
•••
(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]
крыке́т, ‑а, М ‑кеце, м.
Гульня ў мяч, пры якой ігракі, падзяліўшыся на дзве групы, імкнуцца збіць мячом вароты праціўніка (тры слупкі з перакладзінкамі).
[Англ. cricket.]