крык, ‑у, м.
1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.
3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.
•••
(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)