Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сча́ўраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і счаўрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Абл. Счахнуць, зачахнуць. — Не толькі снапок, а і нізкі калгасны паклон нашай навуцы, каб яна ніколі не адрывалася ад зямлі-маці, бо хто ад яе адарвецца, — змарнее, счаўрае, — па-філасофску зазначыў Васіль. Сабаленка.

счаўрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Счахлы, зачахлы. Людскія галасы аціхалі паволі на вуліцы, на пыл счаўрэлых дарог ападала раса. Мурашка.

счаўрэ́ць,

гл. счаўраць.

сча́хлы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які стаў чахлым, змарнелым (аб раслінах).

2. Схуднелы; хваравіты, слабы. Счахлы твар не выказваў жыцця. // перан. Згаслы. Счахлае вуголле.

сча́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Стаць чахлым, змарнець. Расліннасць счахла без вады.

2. Схуднець; стаць хворым, слабым. Аб адно лета счах чалавек. // перан. Згаснуць. — За мной! — зноў загадаў Тужыкаў, калі ракета счахла, і сігануў у ноч. Новікаў.

счацвяро́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад счацвярыць.

счацвяры́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Злучыць па чатыры. Счацвярыць кулямёты.

счу́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Разм. Счапіцца, схапіцца ў сварцы, бойцы. Перагнуўся [Тараска] цераз сцяну і вачам не дае веры. Счубіліся Алёшка з Іванкам не на жарт. Юрэвіч. [Іван Іванавіч:] — Падводзіць чортава баба... — Учора з маёй зноў счубілася з-за нейкага глупства, — гаворыць Клім. Кавалёў.

счу́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад счуць (у 1 знач.).

счуць, счую, счуеш, счуе; зак.

Разм.

1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.

2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.

3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.

4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.

5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.