счуць, счую, счуеш, счуе; зак.
Разм.
1. каго-што і з дадан. сказам. Улавіць на слых якія‑н. гукі, размову. Калі Ніна, счуўшы шагі ля сябе, узняла вочы ад акна, яна ўбачыла перад сабой Лявона. Галавач. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Пачуць, прыслухацца. Як не счуюць мяне, я мацней загуду, Дам гучнейшы акорд песні новай... Чарот.
2. што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца (з размоў, чутак і пад.). Хто зманіў, хто звёў дзяўчыну? Счуў жаніх праз дзень прычыну, — Зганьбавала яго люба: Быў ён з ёй нібыта грубы. Ставер.
3. каго. Учуць (пра жывёл). На суседнім двары (мусіць, толькі прачнуўся), счуўшы чужых людзей, забрахаў сабака. Крапіва. Але дзе так схавацца, каб і пазіраць было зручна, і каб .. [казуля] не заўважыла або нюхам не счула? Ляўданскі.
4. што. Адчуць. Уніз, уніз! — не счуўшы болю. Уніз! — з грымотнага блакіту, Не на пасадачнае поле, А ў поле стоптанага жыта. Матэвушаў.
5. перан.; што і з дадан. сказам. Інтуітыўна адчуць, прадбачыць. А Бушмара і ў брата не знайшлі — счуўшы бяду, ён там застаўся прыхоўвацца. Чорны. Саўка зрабіў рашучае намаганне і сеў. Ён счуў — Бруй мае сказаць нешта такое, што варта паслухаць седзячы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)