суця́жніцтва, ‑а, н.
Разм. неадабр. Цяга да вядзення судовых спраў; імкненне дабіцца сабе выгады любым, нават нядобрасумленным спосабам.
суця́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. неадабр. Займацца суцяжніцтвам.
суця́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да суцяжніцтва. // Схільны да суцяжніцтва.
суцяша́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць суцяшальнага.
суцяша́льнік, ‑а, м.
Той, хто суцяшае. Старшыня апускае вочы і журботна звешвае галаву .. І тады ўжо сам пісар выступае ў ролі суцяшальніка. Колас.
суцяша́льны, ‑ая, ‑ае.
Які дае супакаенне, палёгку, суцяшэнне. Суцяшальны адказ. □ Хадоська спачувальна ўздыхнула, але сказаць нічога суцяшальнага не паспела. Мележ.
суцяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да суцешыцца.
2. Зал. да суцяшаць.
суцяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да суцешыць.
2. Быць суцяшэннем, аблягчэннем. І толькі адно суцяшала: не адзін жа .. [Рыгорка], а і другія са школы разам едуць у тое падарожжа. Якімовіч.
суцяшэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.
2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.
3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.