за́гваздка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Спецыяльны шпень, які ўстаўляецца ў дзірку калёснай восі, каб не спадалі колы. Згубіць загваздку. □ Не праехаў я і вярсты, як з восі выскачыла загваздка, кола скацілася, і конь стаў. Скрыпка. // Такое прыстасаванне для замацавання якой‑н. дэталі.
2. перан. Перашкода, замінка. А ў гэтым якраз і загваздка. Сілы ў руках — хоць адбаўляй, а спрыту да працы аніякага. Пянкрат.
загво́здка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Тое, што і загваздка (у 2 знач.). Лепш зрабіць усё самому, — Так надзейней, спакайней. Але як? Вось дзе загвоздка! Колас.
загергета́ць, ‑гечу, ‑гечаш, ‑геча; зак.
Разм. Пачаць гергетаць.
загерметызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Спец. Зрабіць герметызацыю чаго‑н.
загі́б, ‑у, м.
1. Адхіленне або паварот убок. Загіб ракі. □ Лагодным загібам павярнула направа .. пясчаная дарога. Пестрак.
2. перан. Адхіленне ад правільнай лініі паводзін, дзейнасці. Левы загіб. □ — Памылачка правага характару, дый загіб з заскокам у вас. Гурскі.
3. Загнутае месца. У загібах .. [пілоткі] — дзве іголкі: адна з чорнай ніткай, другая з белай. Карпюк.
загіба́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. загібаць — загнуць і стан паводле знач. дзеясл. загібацца — загнуцца. Загібанне дроту.
загіба́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да загнуцца.
2. Зал. да загібаць.
загіба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загнуць.
загібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.
Зак. да гібець.
загі́бшчык, ‑а, м.
Разм. Той, хто адхіляецца ад афіцыйнай лініі ў галіне якой‑н. дзейнасці. — А ты, Андрэй, памаўчаў бы! Ведаем, як ты праводзіў калектывізацыю... Загібшчык!.. Гурскі.