Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

царкоўнаславяні́зм, ‑у, м.

Слова, граматычная форма або выраз, якія прыйшлі з царкоўнаславянскай мовы.

царкоўнаславя́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да набажэнскай пісьменнасці ўсходніх і паўднёвых славян. Сымон-кантычнік.. гугнявіў нараспеў незразумелыя царкоўнаславянскія словы. Бядуля.

•••

Царкоўнаславянская мова — літаратурная мова ўсходніх і паўднёвых славян перыяду 11–17 стст., якая падверглася ўплыву жывых славянскіх моў і ўтварыла мясцовыя варыянты (ізводы).

царко́ўнік, ‑а, м.

Разм.

1. Служыцель царквы. Ужо ў сваіх першых творах сын былога парабка і парабчанкі [Кузьма Чорны] выстаўляе на ўсенароднае асмяянне хцівых царкоўнікаў, ксяндзоў, папоў. Вітка. Археалагічныя даследаванні дапамаглі абвергнуць сцвярджэнне царкоўнікаў аб тым, што рэлігія існавала вечна і што ў рэлігійнасці заключаецца самае галоўнае адрозненне чалавека ад жывёлы. Штыхаў.

2. Той, хто адстойвае і прапагандуе рэлігію і царкоўную ідэалогію.

царко́ўніца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Уст. Жонка царкоўніка (у 1 знач.).

2. Жан. да царкоўнік (у 2 знач.).

царко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да царквы (у 1 знач.), звязаны з рэлігіяй, царквой, набажэнствам. Царкоўны прыход. Царкоўнае вучэнне. Царкоўныя кнігі. Царкоўная музыка. // Які належыць царкве. Царкоўныя землі. // Які праводзіцца царквою, у царкве (у 2 знач.). Царкоўны шлюб.

2. Які мае адносіны да царквы (у 2 знач.). Царкоўная вежа. □ Гэта быў, трапіўшы сюды па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў. Раненька, як толькі сонечныя пр[амя]ні пазалацілі царкоўныя крыжы, ударылі званы. Хомчанка.

царо́к, ‑рка, м.

Памянш.-зніж. да цар (у 1 знач.). Да чаго ж мы дажыліся! Эх, падвёў ты нас, царок! Каб табе даў бог на старасць Лапці, торбу і кіёк. Колас.

царо́ў, ‑ова.

Які належыць цару, знаходзіцца пры цару. Царовы слугі. Царова адзенне. □ [Дзед:] — Не пусцяць ва універсітэт — у Оксфард адвязу. Загорскі, бачыце, патэнцыяльны цароў злачынец... Караткевіч. Муляры каля дарогі Дабудоўваюць астрогі, І сілком царовы каты Цягнуць кожнага за краты. Грахоўскі.

ца́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цара, належыць яму. Царская карона. Царскі тытул. // Звязаны роднаснымі адносінамі з царом. Тут паказвалі на князёўну царскай крыві — на ёй была дыядэма. Самуйлёнак.

2. Які адносіцца да палітычнага рэжыму на чале з царом. Царскае самадзяржаўе. Царскі рэжым. □ Царскае самаўладства не лічылася з духоўнымі запатрабаваннямі народа і ўсяляк перашкаджала развіццю беларускай культуры, друкаванню кніг на роднай мове, не прызнавала нават і існавання самой мовы беларусаў. Суднік. Калісьці даўняю часінай, Пад царскім гнётам і ярмом Мая цудоўная краіна Была магілай і турмой. Глебка. // Звязаны з перыядам царызму. А ён [Сяргей Карага], па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянні па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна... Колас. // Які мае такі палітычны рэжым. Была Расія царскіх дзён, А дні былі, як ночы; Душыў бязлітасны прыгон. Купала. // Пра грошы царскіх часоў. Пакуль Міхась корпаўся, завязваючы ў клунак сваю цывільную вопратку, да яго падышоў Крываручка і ціхачом дастаў з кішэні дзве царскія сторублёўкі, усунуў яму ў кішэню. — Гэта ад мяне перадай. Машара.

3. перан. Вельмі багаты, раскошны; як у цара. — Ідзі запрагай каня, — сказаў Ян, — і прыязджай забіраць лён. — У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі. Чарнышэвіч. [Бацька:] — Сёння ў нас, маці, царская вячэра! Гамолка. І вінаграднік, ветрам абласканы, Спяліў пад небам царскія плады. Чэрня. / у жарт. ужыв. [Коля:] — Трэба зрабіць палаці, нацягаць туды травы, густа выкласці, і пасцеля, брат, будзе царская. Спі і радуйся. Ставер. — Вядома, работа не царская, — пажартаваў .. [Сцяпан], з крэктам узнімаючы рыдлёўку, — але грашавітая. Савіцкі.

•••

Царская гарэлка гл. гарэлка.

Царскія дзверы гл. дзверы.

Царскі абед гл. абед.

Царскі стол гл. стол.

ца́рства, ‑а, н.

1. Дзяржава, якой кіруе цар. Маскоўскае царства. □ — Ах, — кажа .. [царская дачка], — муж мой нарачоны, зноў ідзе на наша царства вялікае войска. Якімовіч.

2. Праўленне цара (царыцы); цараванне.

3. перан.; чаго або якое. Сфера, вобласць прыроды; свет. Жывёльнае царства. □ Вялікі цяністы, шырока раскінуты па абодва бакі дарогі, .. [сад] стварае цудоўную панараму багатага расліннага царства. «Беларусь». Незлічонае птушынае царства на розныя галасы славіла радасць існавання, першы майскі дзень. Мележ. А ледзь толькі з поўдня ці захаду дыхне цёплы ветрык і ў памякчэўшым паветры закружацца «белыя мухі», мяккім абрусам засцілаючы наваколле, як усё падводнае царства прыходзіць у рух. Матрунёнак. // Месца, дзе пануюць або пераважаюць тыя ці іншыя з’явы; адна з сфер рэчаіснасці. Царства вятроў. □ — Зараз я вас у грыбное царства завязу, — сказаў дзядзька Мікола. Хомчанка. І амаль кожны назаве ў ліку тых, хто назаўсёды застаўся ў памяці, свайго першага бібліятэкара, чалавека, які навучыў нас любіць літаратуру, дапамог пазнаць невычэрпныя духоўныя скарбы, які ўпершыню адкрыў нам чароўныя таямніцы кніжнага царства. «Звязда». Усюды бярвенні — доўгія і кароткія, тоўстыя і тонкія. Штабялямі складзены дошкі. Сапраўднае царства драўніны! В. Вольскі.

•••

Бабскае царства (іран.) — аб пераважнай большасці жанчын дзе‑н.

Вечнае царства — пра рай.

Вянчацца на царства гл. вянчацца.

Мёртвае царства (нар.-паэт.) — пра той, замагільны свет.

Пусціць (адправіць) у царства нябеснае — забіць, застрэліць. [Таццяна:] — Уцякаў, сволач. Пусціла ў царства нябеснае... Навуменка.

Соннае царства — спакой, цішыня, калі ўсе спяць.

Трыдзевятае (трыдзесятае) царства (нар.-паэт.) — вельмі далёкая краіна, зямля.

Царства нябеснае каму — ужываецца пры ўпамінанні нябожчыка як нежаданне яму замагільнага жыцця. Стараста ўздыхнуў. — Добрая жанчына была Хрысціна. Царства ёй нябеснае, — і перахрысціўся. Нізавошта загінула... Шамякін.

Цёмнае царства — сімвал невуцкага, некультурнага, коснага грамадскага асяроддзя.

ца́рстваванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. царстваваць.