Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зага́слы, ‑ая, ‑ае.

1. Які перастаў гарэць, свяціць; патухлы. Загаслыя галавешкі. Загаслае вогнішча.

2. перан. Стомлены (пра вочы, погляд). Вочы запалі глыбока пад бровы і глядзелі адтуль абыякава, пустыя і загаслыя. Самуйлёнак.

зага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. загас, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць; патухнуць, пагаснуць. Агонь загас.

2. перан. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, знікнуць (пра падзеі, пачуцці і пад.). Боль сумлення ў ім загас. Бядуля. // Скончыцца. Яшчэ вось дзень, прыгожы і румяны, мінуў — загас. Машара.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Дні свае лічыць збалелы бядак, Вось-вось часіна — загасне. Купала.

загаспада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Пачаць гаспадарыць.

загасці́цца, ‑гашчуся, ‑госцішся, ‑госціцца; зак.

Прабыць у гасцях даўжэй, чым меркавалася. [Ядвіся] загасцілася ў Гродзеншчыне і, як відаць, не вельмі спяшалася дадому. Колас.

загасці́ць 1, ‑гашчу, ‑госціш, ‑госціць; зак.

Разм. Тое, што і загасціцца.

загасці́ць 2, ‑гашчу, ‑госціш, ‑госціць; зак.

Разм. Пачаць гасціць.

загасцява́цца, ‑цююся, ‑цюешся, ‑цюецца; зак.

Разм. Тое, што і загасціцца.

загасцява́ць 1, ‑цюю, ‑цюеш, ‑цюе; зак.

Разм. Тое, што і загасціцца.

загасцява́ць 2, ‑цюю, ‑цюеш, ‑цюе; зак.

Разм. Пачаць гасцяваць.

зага́та, ‑ы, М ‑гаце, ж.

Абл. Гаць, запруда. Радасна білася сэрца ад таго, што знайшоўся зусім магчымы ратунак. Раскапаць у многіх месцах раўчук уздоўж участка, зрабіць на ім загаты... Сабраную такім чынам ваду пусціць .. на лянок. Кулакоўскі. Вялікія, моцныя зубы бабра.. заядла і ўпарта скобляць альховы камель, пакуль не ляжа на ваду яшчэ адна зялёная загата. Брыль.

загатава́цца, ‑туецца; зак.

Закіпець. Чай загатаваўся.

загатава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што і чаго.

Разм.

1. Стварыць запас чаго‑н.; нарыхтаваць. Загатаваць дроў на зіму. □ Вось, каб не галадаваць, Трэ’ табе загатаваць за ўраджай запасы збожжа. Крапіва.

2. Зрабіць, падрыхтаваць. — Я прыйшоў сюды, дык не ўмеў нават як след раствор загатаваць. Кулакоўскі.

загатава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што і чаго.

Давесці да кіпення; закіпяціць. Загатаваць ваду. Загатаваць чаю.