Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суадно́сны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можа быць суаднесены з чым‑н. Суадносныя паняцці.

суаднясе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. суадносіць — суаднесці.

суайчы́ннік, ‑а, м.

Чалавек, які мае з кім‑н. агульную айчыну. І вось .. збылося геніяльнае прадбачанне нашага вялікага суайчынніка К. Э. Цыялкоўскага аб тым, што чалавецтва не застанецца вечна на Зямлі. «Звязда».

суайчы́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да суайчыннік.

суапяку́н, ‑апекуна, м.

Чалавек, які выконвае абавязкі апекуна сумесна з кім‑н.

суаранда́тар, ‑а, м.

Той, хто з’яўляецца арандатарам чаго‑н. сумесна з кім‑н.

суарэ́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Сумесная з кім‑н. арэнда.

суахі́лі, нескл.; адз. суахілі, нескл., м. і ж.

1. Народ, які жыве ў Танзаніі, Кеніі, часткова ў Мазамбіку.

2. у знач. нескл. прым. Мова сям’і банту, якая з’яўляецца адной з дзвюх афіцыйных моў Танзаніі і Кеніі і пашыраныя таксама ў іншых краінах Усходняй Афрыкі як мова міжэтнічных зносін.

суб...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на: 1) знаходжанне ўнізе, пад чым‑н., каля чаго‑н., напрыклад: субмарына; 2) падпарадкаванасць, напрыклад: субінспектар; 3) пабочнасць, напрыклад: субпрадукты.

[Лац. sub — пад.]

субальпі́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да высакагорных раёнаў, размешчаных ніжэй альпійскага пояса.

[Ад лац. sub — пад і слова альпійскі.]