Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пылю́шнік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых з перыстарассечаным лісцем, дробнымі жаўтаватымі ці ружова-бэзавымі кветкамі са шматлікімі тычынкамі.

пыні́цца, пынюся, пынішся, пыніцца; незак.

Абл. Займацца гаспадарчымі справамі; упраўляцца. Маці Адама.. ужо з гадзіну таму назад управілася са сваімі справамі на ферме і цяпер пынілася каля хаты. Кулакоўскі.

пыні́ць, пыню, пыніш, пыніць; незак., што.

Абл. Рабіць усё неабходнае па гаспадарцы; даглядаць. У сялянскіх дварах снуюць людзі, пыняць свае гаспадарскія справы, канчаючы клопат кароткага дня. Колас. Маці паліла ў печы, пыніла гаспадарку. Васілевіч.

пы́рнік, ‑у, м.

Род шматгадовых травяністых раслін сямейства злакавых, некаторыя віды якіх з’яўляюцца вельмі шкодным пустазеллем, а іншыя вырошчваюцца на корм жывёле. [Маша], як і ўсе, палола лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў.

пы́рнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пырніку. Пырнікавы корань.

пырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што, чым.

Разм. Ударыць чым‑н. вострым. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Колас. Дзям’ян яшчэ раз пырнуў штыком.. [фашыста] ў грудзі і, забраўшы ўсю зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.

пы́рсканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пырскаць (у 1–3 знач.).

пы́рскаўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.

Разм. Тое, чым пырскаюць. Хлопчык нацэліўся ў мяне з пырскаўкі і — раз! Але я хуценька адскочыў, — струмень вады праляцеў міма. Жычка.

пы́рскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Абліваць, пакрываць сябе пырскамі чаго‑н. Пырскацца духамі.

2. Тое, што і пырскаць (у 1 знач.). [Перакупшчык] за галаву хапаецца, слінаю пырскаецца, махае нам рукамі і наперад і назад. Гарэцкі. Між тым наш добры электрычны дух Прымусіў злосна пырскацца імбрычак. Дзяргай.

3. Пырскаць вадой адзін на аднаго або вакол сябе; аблівацца. Мы бяжым да ручая, плюхаемся ў цёплай вадзе, пырскаемся, пасля валяемся ў цяньку і марым аб тым часе, калі ў нас будзе свая сажалка. Рунец. [Маша] церла рукі, твар, валасы, духмяным, мылам, пырскалася вадой і смяялася. Шамякін.

пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.

2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.

3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.

4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.