пыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што, чаго, аб кім-чым, пра каго-што, з дадан. сказам.
Тое, што і пытаць. Чалавек з перавязанай рукой усё пытаўся: — Братцы, а ў вас немцаў часам нямашака? Лынькоў. І прагна пальцы з пальцамі спляталіся, І нічыйго дазволу не пыталіся. Макаль. Рыгор пытаўся [у доктаркі] пра жыццё, пра бальніцу, так, пустую размову заводзіў. Б. Стральцоў.
пыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Звяртацца да каго‑н. з пытаннем, каб даведацца пра што‑н., задаваць пытанне. — Ну, як жа вам, панічок, гасцілася? — пытала бабка Лабановіча. Колас. У людзей пытай, ды свой розум май. Прыказка. // Весці апытванне (вучняў). Паўтарэнне ішло як звычайна: адных настаўніца выклікала да дошкі, другіх — пытала з месца. Шыловіч.
2. што і чаго. Прасіць дазволу на што‑н., звяртацца з якой‑н. просьбай. Пытаць дазволу. Пытаць дарогі. □ Галодны прысмакаў не пытае. Прыказка. // Прасіць, патрабаваць паказаць (дакумент). Пытаць пасведчанне. □ То прападае, то зноў, варухнуўшы галінай, У пешаходаў пытае яна [граніца] пашпарт. Куляшоў.
пытлёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пытляваць.
2. Разм. Тое, што і пытляванка. [Мельнік] Дыміць самакруткай, З дзядзькамі гамоніць, Пытлёўкі бялюткай Зачэрпне далонню... Прануза.
пытлява́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Пытляваная мука. Добра было сядзець побач на мяккіх мяхах яшчэ цёплай пытляванкі. Грахоўскі.
пытлява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пытляваць.
пытлява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пытляваць.
2. у знач. прым. Дробна размолаты і прасеяны (пра муку, пераважна жытнюю). Пытляваная мука. // Спечаны з такой мукі. Пытляваны хлеб.
пытлява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да пытляваць.
пытлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.
Дробна размолваць і прасейваць папярэдне ачышчанае зерне.
пых, ‑у, м.
Разм. Тое, што і пыха. І біскуп, і ўсе гэтыя генералы, і стол з яго ўкрасамі надавалі яшчэ болей важнасці і пыху асобе павятовага «камісаржа». Колас.
пы́ха, ‑і, ДМ пысе, ж.
Фанабэрыстасць, ганарыстасць. За гэтыя гады Юрага памужнеў, а на яго твары.. з’явілася пыха і самазадаволенасць, хоць у кішэні было па-ранейшаму пуста. С. Александровіч. Мне было відаць, што Піліп Сямёнавіч адразу разгадаў таго фанабэрыстага, гультаяватага дзецюка. Хацеў збіць з яго пыху, трапным жартам падкасіць. Бялевіч.