Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пы́рскі, ‑аў; адз. пырска, ‑і, ДМ пырсцы, ж.

Кроплі вадкасці, якія разлятаюцца ад удару, усплёску і пад. Вунь — пляснуў шчупак па вадзе, Аж пырскі наўкруг паляцелі. Бялевіч. Бочка на драбінах кідалася і аблівалася пырскамі. Лобан. // Дробныя часцінкі чаго‑н., што разлятаецца ў розныя бакі. Конь ахвотна бег з паднятай галавою, і снег з-пад капытоў разлятаўся ў бакі пырскамі камячкоў. Пестрак. Спалохана войкае шкло, танюткімі пырскамі рассыпаўшыся па падлозе. Скрыган. // перан. Пра рассеяныя прамяні святла. Сонца заходзіла, распырскваючы чырвона-медзяныя пырскі па траве, па белай кары маладых бярозак. Мурашка. Па франтонах, па карнізах І па трубах сонца льецца І ва ўсіх фантанах знізу На мільёны пырскаў б’ецца. Гілевіч.

пы́рснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да пырскаць.

2. Раптоўна і моцна паліцца. Саша захліпнулася, і слёзы пырснулі з вачэй. Пестрак. Кроў фантанам пырснула з раны. Новікаў. // перан. Раптоўна з’явіцца, паказацца (пра сонечныя прамяні, святло, агонь). Назаўтра, ледзь сонца пырснула з-за Некрашоў, Шэмет ужо быў на стадоле. Лобан.

пырх, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца ў значэнні дзеясловаў пырхаць ​1 і пырхнуць ​1. Вяртлявая сінічка пырх — і няма яе... Лынькоў.

пы́рханне ​1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пырхаць ​1.

пы́рханне ​2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пырхаць ​2.

пы́рхаць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Лёгка пералятаць з месца на месца (пра птушак, матылькоў і пад.). З галінкі на галінку пырхалі, аб нечым пісклява перамаўляліся берасцянкі. Сачанка. Несціхана шчабяталі тут [у зарасніку] птушкі, гудам гула розная машкара, танцуючы, пырхалі рознакаляровыя легкакрылыя матылькі. Якімовіч. // перан. Лёгка і хутка хадзіць, рухацца. Марынка, памыўшыся і агледзеўшыся з дарогі, мятлікам пырхала па пакоі, прыглядаючыся да ўсяго. Хадкевіч.

пы́рхаць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і .. пырхаў. Колас. Вожык злосна пырхае, а пасля, мусіць, рассмакаваўшы.., пачынае хутка і часта, як кот, хлябтаць... Сачанка.

2. Разм. Смеючыся, утвараць прыглушаныя гукі. Хлопцы рагочуць. Не вытрымліваюць і дзяўчаты — пырхаюць у хусткі. Васілевіч.

3. Перарывіста, з шумам выпускаць паветра, пару, адпрацаваны газ. Далей ад гіганцкага катлавана пырхалі грузавікі з гравіем. Паслядовіч.

4. перан. Разм. Злавацца, выказваць незадавальненне кім‑, чым‑н. [Бабуля:] — Ён гэта пырхае, злуе, а пасля і сам рагоча. Брыль.

пы́рхнуць ​1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да пырхаць ​1.

пы́рхнуць ​2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да пырхаць ​2.

2. Разм. Выказаць незадавальненне. Ведаў [Архіп], жонка часам пырхне, скажа што і калючае, а пасля хутка адыдзе і становіцца тая ж, звычайная, незаменная. Кавалёў.

пы́са, ‑ы, ж.

1. Ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл. Карова працягвае пысу, ліжа руку шурпатым цёплым языком. Асіпенка. Конь .. шумна фыркнуў, дакрануўся пысай да вады, але піць не захацеў. Хомчанка. З суседняга пакоя выйшаў сабака, прыязна абцёрся аб мае ногі і паклаў пысу мне на калені. Карпюк. Андрушка трымаў абедзвюма рукамі Лыску за пысу, каб той не брахнуў. Лобан.

2. Разм. груб. Твар. Дзядзька вырывае з маіх рук лыжку, строга загадвае: — Пысу памый! Жычка.

пыта́льнік, ‑а, м.

Знак прыпынку (?), які ставіцца ў канцы пытальнага сказа.

пыта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе пытанне, выяўляе пытанне. Пытальны сказ. Пытальны позірк.

пыта́нне, ‑я, н.

1. Зварот да каго‑н., які патрабуе адказу, тлумачэння і пад. Адказаць на пытанне. □ Маці закідала сына пытаннямі, плакала і смяялася. Колас. Жанчына падышла бліжэй І ўважліва паглядзела на Мішу. — А ты хто такі? На гэтае простае пытанне Міша чамусьці не змог адказаць адразу. Жычка.

2. Практычная або тэарэтычная задача, якая патрабуе вырашэння; праблема. Аграрнае пытанне. Нацыянальнае пытанне. Абмеркаваць надзённае пытанне. □ Сялянскае пытанне, вучылі М. Г. Чарнышэўскі і М. А. Дабралюбаў, можа быць вырашана толькі рэвалюцыйным шляхам, шляхам узброенага паўстання. Ларчанка. // Справа, аб’ект абмеркавання, увагі. Наташа ведала, гэта памочнік Паўла Пятровіча і што ён пачне абавязкова распытваць, па якому пытанню яна хоча бачыць сакратара. Шамякін.

3. толькі мн. (пыта́нні, ‑яў). Як састаўная частка назваў некаторых часопісаў, зборнікаў, артыкулаў, прысвечаных пэўнай галіне ведаў. «Пытанні мовазнаўства». «Пытанні перакладу».

•••

Адкрытае пытанне — нявырашанае пытанне.

Жаночае пытанне — пытанне аб становішчы жанчыны, жаночай працы, роўнасці жанчын у грамадзянскіх правах з мужчынамі.

Рытарычнае пытанне — стылістычны прыём у мове: сцверджанне ў форме пытання.

Балючае пытанне — надзённая, неабходная, але цяжкая для вырашэння задача.

Пытанне жыцця або смерці — пра што‑н. вельмі важнае.

Ставіць пытанне рубам гл. ставіць.