Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пышнагру́ды, ‑ая, ‑ае.

З высокімі поўнымі грудзьмі. Белакосая, пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара... Шамякін.

пы́шнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць пышнага (у 1 знач.). Альбіна заспяшалася апранацца і ўжо на беразе вельмі ж пільна глядзела на Галю. І, мабыць, зайздросціла пругкасці яе маладога цела, прыгажосці яе твару, пышнасці яе светлых валасоў. Сабаленка.

2. Раскоша. Пан Вашамірскі рыхтаваўся да Новага года і з усёй пышнасцю ўпрыгожваў палац, застолле. Кучар. У крэпасці быў прасторны мураваны храм, пабудаваны «з вялікай пышнасцю». «Полымя».

пышне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца пышным, пышнейшым.

пы́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

пы́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

Празмерна ганарыцца, задавацца. Не пышыўся, не сек з пляча майстар Шарахоўскі, не разганяў людзей. Шынклер.

пэ́йсы, ‑аў; адз. пэйса, ‑ы, ж.

1. Доўгія пасмы валасоў ля скроняў, якія пакідаюцца непадстрыжанымі (у патрыярхальных яўрэяў). Хаім быў худы чалавек з рыжай барадой, даўгімі пэйсамі і надзвычай хітрымі чорнымі вачыма. Чарнышэвіч.

2. Разм. пагард. Пра доўгія раскудлачаныя валасы.

[Стараж.-яўр.]

пэ́ндзаль, ‑дзля, м.

Пучок шчаціння, валасоў або шэрсці, прымацаваны да ручкі, які служыць для нанясення фарбы, клею і пад. на паверхню чаго‑н. [Люба] макае пэндзаль у бляшанку з фарбай, якая прывешана да папружкі, піша на дрэве нумар. Шамякін.

пэ́ндзлік, ‑а, м.

Памянш. да пэндзаль; невялікі пэндзаль. Неўзабаве прыйшоў Іван Сямёнавіч. Ён прынёс фарбу, пэндзлікі, паперу і разам з Юркам і Колем усеўся за стол. Курто.

пэр, ‑а, м.

Званне прадстаўнікоў вышэйшага дваранства ў Англіі і Францыі (да рэвалюцыі 1848 р.). // Асоба, якая носіць гэта званне.

[Фр. pair, англ. peer ад лац. par — роўны.]

пэ́рства, ‑а, н.

Званне пэра.