пылаўсмакта́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ўсмоктвае, збірае пыл. Пылаўсмактальны апарат.
пылі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Асобная часцінка пылу (у 1 знач.). У палосцы залатой [сонечнага праменя] Незлічоныя пылінкі Закружыліся, як рой. Колас. У пакой праз .. плеценыя цыноўкі ледзь прабіваліся палоскі сонечнага святла. Рэдкія пылінкі плылі ў іх. Караткевіч.
пылі́цца, пылюся, пылішся, пыліцца; незак.
1. Пакрывацца пылам. — Гэта ў вашым сельмагу пылілася столькі маіх кніг? — пажартаваў аўтар. Шамякін.
2. Вылучаць са сваёй паверхні пыл (пра дарогу). Пыліцца вузкая дарога, А мы ідзём на ускрай сяла. Прыходзька. // Узнімацца ў паветра, утвараючы пыл. — Дык жа снег растаў, — пясок На шляху пыліцца. Бялевіч.
пылі́ць, пылю, пыліш, пыліць; незак.
1. Узнімаць пыл. Перасадзіла [Агата] цераз нізкі паркан [Стасюка] і глядзела, як пабег ён на той бок вуліцы і пыліў па зямлі босымі пятамі. Чорны. Пад вішнямі, млеючы ад гарачыні, капашыліся куры — грэбліся, пылілі, закапваліся глыбей у пясок. Ракітны. // Разм. Ехаць, ісці, узнімаючы пыл. Ліпеньскім надвячоркам машына пыліла на Каралін. Сабаленка. З палеткаў каменне калгаснікі звозілі, Пылілі нястомныя грузавікі. Панчанка.
2. Тое, што і пыліцца (у 2 знач.). Пацямнеўшая вуліца пыліла ад прайшоўшага з поля быдла. Чорны. За леспрамгаскімі прычэпамі пыліла перасохлая дарога. Пташнікаў.
пылко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пылку (у 2 знач.); які змяшчае ў сабе пылок. Пылковы аналіз. Пылковы мяшочак.
пыло́к, ‑лку, м.
1. Памянш. да пыл (у 1 знач.); невялікі, нязначны пыл. [Пан Зыгмунт] нізка нахіліўся, паспеўшы.. змахнуць пылок з наска свайго бота. Лынькоў. На ўзгорку кур[ыць] пылок .. Імчыць легкавая машына. Навуменка.
2. Клеткі, якія развіваюцца ў пыльніках тычынак і ўдзельнічаюць у размнажэнні раслін.
пы́льна,
1. Прысл. да пыльны.
2. безас. у знач. вык. Пра вялікую колькасць пылу дзе‑н. У хаце пыльна. □ Пыльна. Дзесьці за комінам зумкае, трапіўшы ў павуціну, муха. Місько.
пы́льнік 1, ‑а, м.
Верхняя частка тычынкі кветкі, у якой утвараецца пылок.
пы́льнік 2, ‑а, м.
Разм. Плашч, які засцерагае ад пылу. Стары Ётка абмахваецца ад гарачыні хустачкай, расшпільвае пыльнік. Чорны. Неўзабаве ля машыны паявілася Ліля ў дарожным пыльніку. Асіпенка.
пы́льны, ‑ая, ‑ае.
Які пакрыўся пылам, увабраў у сябе пыл. Пыльны дыван. □ Гендарсан зірнуў на пыльныя лаўкі і не захацеў садзіцца. Чарнышэвіч. Пыльная вуліца бегла між прысад. Асіпенка. // Які адрозніваецца вялікай колькасцю пылу. Паветра рабілася гарачае і пыльнае. Гроднеў. Дзень быў сонечны, але халодны, пыльны. Навуменка.