пшані́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пшаніцы. Пшанічная салома. □ Як туман,.. мігаюць [лясы] за аўсяным і пшанічным полем. Чорны. // Зроблены, прыгатаваны з зерня пшаніцы. Пшанічная мука. Пшанічны хлеб. □ Віншаваць са шчасцем пойдуць маладых, Каравай пшанічны панясуць да іх. Кляўко.
пшані́чышча, ‑а, н.
Поле, з якога сабраны ўраджай пшаніцы або на якім папярэдняй культурай была пшаніца.
пшык, ‑у, м.
Разм. Нічога, пустата. Максіму адразу кінулася ў вочы, што ад рэвалюцыйнага запалу Бляхара, якім ён так любіў фарсіць дома, застаўся адзін пшык. Машара.
пыж, ‑а, м.
1. Шарсцяная, войлачная ці кардонная затычка, якой забіваюць зарад у зброі, якая зараджаецца з дула.
2. Пракладка ўсярэдзіне патрона, якая аддзяляе зарад ад снарада (кулі, шроту) і ўтрымлівае снарад у гільзе.
пы́жык, ‑а, м.
Паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра гэтага аленя.
пы́жыкавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з футра пыжыка. Пыжыкавая шапка.
пы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Невыразна, неразборліва гаварыць. [Чарнавус:] Пыкаюць, мыкаюць, вочы ўбок адводзяць... Нічога не разбяру. Крапіва.
пыл, ‑у, м.
1. Найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, часцей паднятыя з паверхні зямлі, якія лятаюць у паветры або аселі на паверхню рэчаў. Дарожны пыл. Мучны пыл. □ Клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй. Лынькоў. Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны. Грахоўскі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Чарнышэвіч. // Найдрабнейшыя часцінкі вады, снегу і пад. Снежны пыл, падхоплены ветрам, узнімаўся над зямлёй. Мікуліч. Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль. Лынькоў.
2. Тое, што і пылок (у 2 знач.). У пчалы на ножках Дзьмухаўцовы пыл. Узнялася з ношкай, Ледзь хапіла сіл. Калачынскі.
•••
Касмічны пыл — дробныя цвёрдыя часцінкі міжпланетнай і міжзоркавай прасторы.
Аж (толькі) пыл курыць (закурэў) — вельмі хутка (пайсці, пабегчы, паехаць і пад.).
Пусціць пыл у вочы гл. пусціць.
пыла...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае слову «пыл» (у 1 знач.), напрыклад: пылапепранікальны, пылападобны, пылаўлоўны, пылавугальны, пыламер, пылаўлоўнік.
пылаачышча́льнік, ‑а, м.
1. Машына для ачышчэння паверхні дарогі ад пылу.
2. Тое, што і пылаўлоўнік.