пыл, ‑у, м.

1. Найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, часцей паднятыя з паверхні зямлі, якія лятаюць у паветры або аселі на паверхню рэчаў. Дарожны пыл. Мучны пыл. ▪ Клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй. Лынькоў. Па дарогах днём і ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны. Грахоўскі. Ля сцяны стаялі тры куфры, акаваныя жалезам. На ўсім гэтым тоўстым пластом ляжаў пыл. Чарнышэвіч. // Найдрабнейшыя часцінкі вады, снегу і пад. Снежны пыл, падхоплены ветрам, узнімаўся над зямлёй. Мікуліч. Усё насычана было дробным вадзяным пылам, які ўраганны вецер зрываў з крутых хваль. Лынькоў.

2. Тое, што і пылок (у 2 знач.). У пчалы на ножках Дзьмухаўцовы пыл. Узнялася з ношкай, Ледзь хапіла сіл. Калачынскі.

•••

Касмічны пыл — дробныя цвёрдыя часцінкі міжпланетнай і міжзоркавай прасторы.

Аж (толькі) пыл курыць (закурэў) — вельмі хутка (пайсці, пабегчы, паехаць і пад.).

Пусціць пыл у вочы гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)