зя́бліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Араць пад зябліва. Дзе-нідзе відаць было, як трактары зяблілі ржэўнік. Пальчэўскі.
зя́блы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Змёрзлы, азяблы. Асцярожна — стук у дзверы Зяблаю рукою. Колас. Зацвіталі яблыні, Белым цветам крыліся І ніколі, зяблыя, Сцюжам не парыліся. Глебка.
зя́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Мерзнуць, стыць. Падыходзіла зіма. Сыпаўся калючы сняжок, і сівер наганяў холад. .. Зяблі рукі. На пісьмовых уроках ручка вывальвалася з пальцаў. Чарнышэвіч. Ужо зусім змокла пілотка, зябла на ветры нядаўна астрыжаная галава. Быкаў. // Гінуць ад холаду; вымярзаць. Зябнуць пасевы ад марозу.
з’я́ва, ‑ы, ж.
1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.
2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».
3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.
•••
Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.
зява́к, зевака, м.
У выразе: даць зевака гл. даць.
зява́ка, ‑і, Д ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вады, Т ‑ай, ж.
Разм. Той, хто з-за лішняй цікаўнасці заглядваецца на каго‑, што‑н.; разявака. Цяпер усе зявакі, раскрыўшы раты, пазіралі не на аркестр, а на танцораў. Дамашэвіч.
зява́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зяваць.
зява́цца, ‑аецца; безас. незак.
Разм. Пра жаданне зяваць, пазяхаць. Нешта зяваецца, мусіць, на дождж.
зя́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Шырока раскрываючы рот, хапаць паветра. Зяваць ротам.
зява́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
1. Міжвольна глыбока ўдыхаць паветра шырока раскрытым ротам (пры жаданні спаць, стоме і пад.); пазяхаць. Зяваць увесь вечар. □ [Паўлінка:] Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае). Купала.
2. Быць няўважлівым, някемлівым; упускаць зручны выпадак. — Ну дык вось, браткі, пакуль у вёсцы такія парадкі, трэба не зяваць. Прыпасайце зброю. Федасеенка.
з’яві́цца, з’яўлюся, з’явішся, з’явіцца; зак.
1. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Гартны. Вартаўнік Мітрафан з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. // Прыбыць куды‑н. па якой‑н. афіцыйнай неабходнасці, загаду і пад. З’явіцца ў суд. □ [Баяновіч:] З’явіўся згодна вашаму загаду. Глебка.
2. Узнікнуць, паказацца перад чыімі‑н. вачамі. На небе з’явіліся першыя зоркі. □ Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка. Маўр. // Узнікнуць, зарадзіцца. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў. // Вырасці. Вывеўся .. [апалонік] з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца. Даніленка. // Аказацца надрукаваным, апублікаваным. Верш «Ворагам Беларушчыны» з’явіўся ў дванаццатым нумары «Нашай нівы» за 1908 год. Казека. // Пачаць дзейнічаць, праяўляць сябе. За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Чорны.
3. Стаць, зрабіцца чым‑н. Першая руская рэвалюцыя з’явілася паваротным пунктам у гісторыі народаў Расіі. Ярош.
•••
З’явіцца на свет — нарадзіцца. У шчаслівы час [сын] з’явіўся на свет. Скрыпка.
З’явіцца на чыім гарызонце — тое, што і паказацца на чыім гарызонце (гл. паказацца).
Як з (з-пад) зямлі з’явіцца — тое, што і як з (з-пад) зямлі вырасці (гл. вырасці).