Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

загаро́джваць і загара́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загарадзіць.

загаро́дка,

гл. загарадка.

загарпу́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго.

Злавіць, здабыць гарпуном, узяць на гарпун. Загарпуніць кіта. Загарпуніць маржа.

загарпу́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да загарпуніць.

загартава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць загартаванага. Загартаванасць сталі. Загартаванасць арганізма.

загартава́ны і загарто́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад загартаваць.

2. у знач. прым. Стойкі, вынослівы, здольны пераносіць цяжкасці, неспрыяльныя ўмовы. Ніхто на .. [холад] не скардзіцца. Усе [студыйцы] загартаваныя, маладыя і жыццярадасныя. Сяргейчык.

загартава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

1. Стаць больш цвёрдым і моцным у выніку награвання да высокай тэмпературы і хуткага ахаладжэння. Сталь добра загартавалася.

2. перан. Зрабіцца стойкім, вынослівым, здольным пераадольваць цяжкасці, неспрыяльныя ўмовы. У часе вайны Кірыла не толькі загартаваўся, а тут як бы канчаткова склаўся яго характар. Гурскі. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».

загартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Надаць большую цвёрдасць і моц шляхам награвання да высокай тэмпературы, а затым хуткага ахаладжэння. Загартаваць сякеру. □ Натачы, кавалёк, Вострым-востра сярпок, Адпусці, назубі, загартуй. Купала.

2. перан. Зрабіць стойкім, вынослівым, здольным пераадольваць цяжкасці. Не зламала Аўдолю гора, толькі загартавала больш, прывучыла на сябе, на сваю сілу і рукі спадзявацца. Крапіва. Суровая прырода загартавала моцную натуру. Мележ.

загарто́ваны,

гл. загартаваны.

загарто́вачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для загартоўвання, загартоўкі (у 1 знач.). Загартовачны агрэгат.