Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зына́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Перайначыцца, перамяніцца. — А божачка мой, дык няўжо ж я так зыначылася, што ты цёткі Каці не пазнаў. Сабаленка.

зына́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм. Перайначыць, перамяніць. Як бы чалавека ні зыначыла гора, усё роўна ў ім заўсёды знойдзецца нешта сваё. Сабаленка. А рабочыя, сяляне ўсё зыначылі дазвання. Дубоўка.

зыр, ‑у, м.

У выразе: на зыры — а) на адкрытым узвышаным месцы. Стаяць на зыры; б) на быстрыні, на хуткім цячэнні ракі.

зыра́не, ‑ран; адз. зыранін, ‑а, м.; зыранка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. зыранкі, ‑нак; ж.

Устарэлая назва народа комі.

зыра́нін,

гл. зыране.

зыра́нка,

гл. зыране.

зыра́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зыран, належыць ім. Зыранскія звычаі.

зы́ркасць, ‑і, ж.

Уласцівасць, якасць зыркага. Зыркасць сонца.

зы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Глядзець, паглядваць; шукаць каго‑, што‑н. вачамі. Ядвіся зыркала вачамі — то на маці, то на Хрысціну, гатовая вось-вось умяшацца ў спрэчку. Пестрак. Джвучка таптаўся ў парозе, зашпільваў каўнер кашулі і зыркаў вачамі па сценах, — шукаў сваю вопратку. Пташнікаў.

2. Ярка, асляпляльна бліскаць. Школа зыркала электрычнымі агнямі. Навуменка.

зы́ркі, ‑ая, ‑ае.

Яркі, асляпляльны. Прамяністае зыркае сонца. □ Зыркае полымя шугала высока ў неба, адбівалася ў вокнах вагончыка. Даніленка.