Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стылявы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да стылю ​1 (у 1, 2 знач.). Стылявая дасканаласць. Стылявыя катэгорыі. □ Апублікаваныя ж у мінулым і пушчаныя ў навуковы ўжытак пераважна дзелавыя помнікі даюць толькі прыблізнае ўяўленне аб запазычаннях старабеларускай мовы, бо дзелавыя помнікі з-за сваёй тэматычнай абмежаванасці і стылявой аднастайнасці змяшчаюць параўнальна мала запазычанай лексікі. Жураўскі. У жанравых і стылявых адносінах байкі Я. Коласа маюць шмат агульнага з дакастрычніцкімі апавяданнямі з цыкла «Казкі жыцця». Казека.

стыля́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лязе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Малады чалавек, далёкі ад грамадскіх інтарэсаў, для якога характэрны пагоня за крыклівай модай адзення і экстравагантныя манеры. Таму і глядзім так сурова На хліпкіх стыляг і пралаз. Панчанка.

стыля́жніцтва, ‑а, н.

Разм. Паводзіны стылягі. Шыковіч .. штосьці вельмі важнае ўпусціў, недагледзеў у выхаванні сына, не падаючы сур’ёзнага значэння яго стыляжніцтву, блазенству. Дзюбайла. Нарада была прысвечана барацьбе са стыляжніцтвам і амаральнымі паводзінамі моладзі. Асіпенка.

стыля́жнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Паводзіць сябе як стыляга.

стыля́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стылягі, належыць або ўласцівы яму. Дагэтуль .. [Славік] дэманстратыўна, знаёміў сваіх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай і пляваў на іх кпіны. Шамякін. Паўстае пытанне, як мог існаваць такі стыляжны тып у асяроддзі простых калгасных людзей? «ЛіМ».

сты́мул, ‑у, м.

Пабуджальная прычына, якая падахвочвае на ажыццяўленне чаго‑н. Стымул росту. Стымул павышэння прадукцыйнасці працы. □ Паспяховае і справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР на аснове прынцыпаў марксізма-ленінізма дало новы стымул вызваленчай барацьбе народаў каланіяльных і залежных краін. «Звязда». [Ліннік:] — Культурна-асветная работа ёсць найвялікшы стымул ва ўмацаванні працоўнай дысцыпліны. Савіцкі.

[Лац. stimulus.]

стымулю́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад стымуляваць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які з’яўляецца стымулам. Стымулюючая роля. □ Выкладанне .. граматыкі, рыторыкі, піітыкі і дыялектыкі з’явілася стымулюючым фактарам для насычэння мовы навучэнцаў іншамоўнымі словамі, што не магло не адлюстравацца і ў пісьменнасці. Жураўскі.

3. Дзеепрысл. незак. ад стымуляваць.

стымулява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стымуляваць.

стымулява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стымуляваць.

стымулява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да стымуляваць.