Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрыжнявы́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і стрыжнёвы (у 1, 3 знач.). Пачуццё асабістай годнасці і актыўнасць натуры — стрыжнявыя рысы характару маці з верша «Ткала я, ткала палотны». У. Калеснік.

стрыжо́ў, ‑ова.

Які належыць стрыжу. Стрыжова гняздо.

стрыжы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрыжа, належыць яму. Абрыў, быццам пчаліныя соты, увесь у стрыжыных норах. Сяркоў.

стрыка́цца, ‑аецца; незак.

Абл.

1. Мець уласцівасць стрыкаць, апякаць скуру (пра крапіву). Спачатку па крапіве, якая вельмі пякуча стрыкалася і кусала за голыя лыткі, пасля па зараслях асакі .. Юля дайшла да ракі. Сачанка. І крапіва маладая стрыкаецца, Быццам пяшчотны, прыемны ўспамін. Барадулін.

2. Сцёбаць крапівою каго‑н. або адзін аднаго. Хлопцы крапівою стрыкаюцца.

3. перан. Гаварыць колкасці каму‑н. А ты ўсё стрыкаешся, як крапіва. Шарахоўскі.

стрыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Абл. Апякаць крапівою. Бацька нечакана — дзіва дзіўнае! — правальваецца ў нару абедзвюма нагамі. Крапіва стрыкае яму твар, руку. Масарэнка.

стрыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да стрыкаць.

стрыкту́ра, ‑ы, ж.

Спец. Звужэнне якога‑н. трубчастага органа або адтуліны поласцевага органа ў выніку запалення. Стрыктура стрававода.

[Лац. strictura.]

стрыкту́рны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да стрыктуры.

стрым, ‑у, м.

У выразах: няма стрыму, не было стрыму — не мець магчымасці ўтрымацца ад чаго‑н., не ведаць меры ў чым‑н. [Лейтэнант] хацеў браць замуж. Адмовіла Алеся, бо вельмі ўпадабаў сівуху, так упадабаў, што не было ніякага стрыму. Пестрак.

стрыма́льны, ‑ая, ‑ае.

Які што‑н. стрымлівае. Стрымальны пачатак.