Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. роўным, аднаго ўзроўню з зямлёй. Трактар даўно зраўняў .. межы, і як кінуць вокам зелянее збажына на калгасным палетку. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Дарогу зраўняла [снегам], поле было белае і чыстае, як абрус на стале. Пташнікаў.

2. Зрабіць аднолькавым, роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах. — Не зраўняў бог лесу, не зраўняў і людзей. Чорны. // Паставіць нароўні з кім‑, чым‑н., параўнаць. Звечара.. пачалося тое, чаго нельга зраўняць ні з якімі баямі. Кулакоўскі.

•••

Зраўняць з зямлёй — знішчыць, разбурыць дашчэнту.

зрахава́цца, зрахуюся, зрахуешся, зрахуецца; зак.

Разм. Усё ўлічыўшы, падлічыўшы, дамовіцца, старгавацца. — Яны плацяць, як зрахаваліся... У нас дамоўленасць ёсць. Чарнышэвіч.

зрахава́ць, зрахую, зрахуеш, зрахуе; зак., што.

Разм. Зрабіць падлікі; падлічыць.

зрачы́ся, зракуся, зрачэшся, зрачэцца; зрачомся, зрачацеся; пр. зрокся, зраклася, ‑лося; зак., каго-чаго.

Адмовіцца, адрачыся ад каго‑, чаго‑н. Хацеў бы вас, песні, Зрачыся, пакінуць, — Сілачкі ж мне мала. Купала. Ад імя сваіх сяброў Танк урачыста заявіў, што маладая літаратура Заходняй Беларусі не зрачэцца рэвалюцыйных і гуманістычных традыцый Коласа і Купалы. Калеснік.

зрашчэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зрасціць, дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. зрасціся.

2. Спец. Месца, на якім адбылося злучэнне, зрастанне чаго‑н.

•••

Лоннае зрашчэнне — храстковае злучэнне правай і левай лабковых касцей.

Фразеалагічнае зрашчэнне — выраз, які складаецца з некалькіх слоў, што выражаюць адно паняцце; ідыёма, напрыклад: лынды біць — бяздзейнічаць.

зрашэ́ціцца, ‑ціцца; зак.

Пакрыцца скрозь дзіркамі. Мех зрашэціўся.

зрашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; зак., каго-што.

Пакрыць скрозь дзіркамі, прабіць у многіх месцах. Зрашэціць кулямі сцяну. □ — І не шкадую, што вось так мяне зрашэцілі, — вёў рукой па сваім твары [Тарэнта], паказваючы сляды даўніх ран. Галавач.

зрашэ́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зрашэціць.

зрашэ́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зрашэціцца.

2. Зал. да зрашэчваць.

зрашэ́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зрашэціць.