струхне́ць, ‑ее; зак.
Разм. Тое, што і струхлець. [Патапавіч:] — Плот унь усюды струхнеў. Кулакоўскі. Што ж здарылася? Пень стаяў, можа, сто гадоў. Увесь ён струхнеў. Магутныя карані ягоныя ў зямлі таксама струхнелі. Дубоўка.
струхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм.
1. каго-што. Скінуць, стрэсці каго‑, што‑н. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб струхнуць яе. Быкаў.
2. Спужацца, спалохацца. [Даміра:] — Смерці я ніколі не баяўся, а тады струхнуў. Асіпенка.
струча́сты і стручы́сты, ‑ая, ‑ае.
Абл. Такі, у якога многа струкоў. А стручасты! Струкі — па дванаццаць гарошын! Дубоўка. Казачнік вельмі добра ведае, што казка абавязкова патрабуе добрай выдумкі, перабольшання. Таму ў яго калі стручысты гарох — дык абавязкова, па дванаццаць гарошын у струку. Сіпакоў.
стручкава́цца, ‑куецца; незак.
Абл. Даваць струкі, ісці ў струкі. Каб фасоля-павітушка расла і давала плады, ёй трэба .. яшчэ і памагчы падняцца ўгору. .. Толькі тады павітушка будзе цвісці і стручкавацца. Сачанка.
стручны́, ‑ая, ‑ое.
З вялікімі струкамі; багаты на струкі. Такі ж удалы гарох! Стручны, белы, чысты. Крапіва.
стручо́к, ‑чка, м.
Маленькі струк. Шышкі, чорныя стручкі акацый, з жалудамі скрозь грыбная, глеба. Вялюгін.
•••
Александрыйскі стручок — плады расліны касіі, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне як слабіцельны сродак.
стру́чча, ‑а, н., зб.
Струкі. Зерне ў струччы будзе зімаваць, калі ссыпаць дзе-небудзь нятоўстым пластом. Ермаловіч.
стру́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад струшчыць.
стру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Разм. Раскрышыць на дробныя часткі; раструшчыць. Абломкі хваставога апярэння маглі струшчыць ліхтар кабіны і забіць лётчыка. Алешка.
стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.