Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зо́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зоркі (у 1 знач.). Зоркавае скапленне.

зоркападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму зоркі (у 2 знач.). Зоркападобныя кветкі.

зо́ркасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць добра бачыць; вастрыня зроку. Зоркасць вока маладая Смугу праб’е, прарэжа цьму. Колас.

2. перан. Праніклівасць, уважлівасцю назіральнасць. Калі мы гаворым аб прадбачлівасці Багдановіча-крытыка, гэтым лішні раз падкрэсліваем яго праніклівасць, глыбіню ягонае зоркасці. Лойка.

зо́ркаўка, ‑і, ДМ ‑каўцы, ж.

Шматгадовая расліна сямейства гваздзіковых.

зо́ркі, ‑ая, ‑ае.

Які мае востры зрок, добра бачыць далёкія і дробныя прадметы. Убачыўшы .. [шчупака] сваім зоркім вокам, каршун кінуўся на рыбіну з вышыні. В. Вольскі. Бабка Наста стаяла збоку, глядзела сваімі яшчэ даволі зоркімі вачамі, але нічога не чула, і дакорліва ківала галавой. Шамякін. // Праніклівы, пільны, уважлівы. Будзь жа смелым і адважным, Зоркім цёмнымі начамі. Броўка.

зо́рна, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць мноства зорак на небе. Звечара было зорна, месячна. Чорны.

зо́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зорнага (у 2 знач.). Зорнасць марознай ночы. □ Творчы міг... Напорная імклівасць... Працай тут заняты муляры. І пад небам зорнасці маўклівай Вырастаюць волаты-муры. Трус.

зо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да зоркі (у 1 знач.), зорак. Зорная астраномія. □ Над цёмным дахам усё паварочвала свой зорны коўш Вялікая Мядзведзіца. Чыгрынаў.

2. Пакрыты, усеяны зоркамі; з мноствам зорак. Ноч цёмная, зорная, ціхая. Дамашэвіч.

3. Які ідзе з розных месц да аднаго пункта. Зорны прабег. Зорны паход.

•••

Зорны год гл. год.

Зорны дождж гл. дождж.

зо́рчаты, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму зоркі (у 2 знач.); зоркападобны. У аснове пакрыцця будынка ляжаць складаныя зорчатыя скляпенні. Ліс.

зо́рыць, зору, зорыш, зорыць; незак.

Глядзець, углядацца; сачыць. Марына кланяецца нізка, І Богут зорыць весялей. Колас.