Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зо́лкі, ‑ая, ‑ае.

Сыры, пранізліва халодны (пра надвор’е, дождж, вецер). Золкі вецер. □ Зверху сыпалася імжа, як увосень. Халодная, золкая. Пташнікаў. Халодная золкая пагода не спрыяла бадзёраму настрою. Гартны.

золь, ‑і, ж.

Сырое, пранізлівае халоднае надвор’е. Ні зімовая сцюжа, ні летняя спёка, ні золь, ні дождж не спынялі работы на будоўлі. Хадкевіч.

зо́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Знаходжанне попелу ў паліве. Зольнасць каменнага вугалю. □ Даследаванні ахаплялі змяненне зольнасці, аб’ёмнай вагі і вільгацяёмістасці торфу. «Весці».

зо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да золі, уласцівы ёй. Зольны туман. □ Зольная вільгаць абл[еплівала] ўсё: і дрэвы, і кусты, і густую ігліцу на зямлі. Лынькоў.

зо́на, ‑ы, ж.

Пэўная прастора, што характарызуецца якой‑н. агульнай прыметай; паласа, раён. Арктычная зона. Лясная зона. Пагранічная зона. Зона адпачынку.

•••

Бяз’ядзерная зона — зона, у якой не павінна вырабляцца, захоўвацца і выкарыстоўвацца ядзерная зброя.

Дэмілітарызаваная зона — вызначаная дагаворам паласа ўздоўж граніцы дзвюх дзяржаў, на якой забараняецца будаваць умацаванні і трымаць войскі.

Мёртвая зона — прастора вакол радыёстанцыі, у якой наглядаецца паслабленне або адсутнасць прыёму радыёсігналаў.

[Ад грэч. zōnē — пояс.]

зо́навы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і зонны.

зонд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Медыцынскі інструмент у выглядзе палачкі, трубкі і інш., які ўводзіцца ў глыбіню каналаў і поласць цела з дыягнастычнай ці лячэбнай мэтай. Хірургічны зонд.

2. Металічны шпень, бур для даследавання падглебы. Глебавы зонд.

3. Невялікі паветраны шар з самапішучым прыборам для вывучэння верхніх слаёў атмасферы.

[Фр. sonde.]

зо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да зоны. Зонныя асаблівасці.

зо́рачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да зорка.

2. Група з пяці акцябрат, а таксама сход такой групы. Акцябраты цёпла развіталіся з дзедам Іванам. А назаўтра, калі сабраліся на сваю зорачку, парашылі: «Хадзіць да Алежкавага дзеда». Юрэвіч.

зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы. Шамякін. // перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку. Карпюк.

2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Сабаленка. // Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай. Хомчанка. // Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее... Нікановіч. // Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.

3. перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце. Юрэвіч.

•••

Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.

Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.

Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.