Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крэ́сіць, крэшу, крэсіш, красіць; незак., што і без дап.

Высякаць агонь крэсівам. [Сцёпка] дастаў капшук, набіў люльку тытунём ды пачаў агонь красіць. Якімовіч.

крэ́сла, ‑а, н.

1. Прадмет мэблі, звычайна са спінкай, прызначаны для сядзення аднаго чалавека. Венскае крэсла. □ Вялікая гасціная была ўстаўлена добрым дзесяткам крэслаў вакол круглага стала. Ваданосаў. // Такі прадмет мэблі з мяккай абіўкай і ручкамі-падлакотнікамі. [Дзяўчына] падышла пад акно, зірнула на двор і толькі тады вярнулася і села ў мяккае крэсла каля канапы. Мурашка.

2. перан.; звычайна з азначэннем. Разм. Месца работы, пасада. Заняць міністэрскае крэсла. □ Летась залічыў у штат жонку майго лепшага сябра Радзівонава — раскрытыкавалі так, што ледзь у крэсле ўтрымаўся. Вірня.

•••

Крэсла-ложак — раскладное крэсла, якое можна выкарыстоўваць у якасці ложка.

крэ́сленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. крэсліць.

крэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

1. Выкрэсліваць, перакрэсліваць. Потым, як здалося Юрку, [Максім Сцяпанавіч] сярдзіта стаў крэсліць чырвоным алоўкам старонкі і рабіць заўвагі на палях. Карпаў.

2. Праводзіць па чым‑н., пакідаючы сляды ў выглядзе ліній. Апусціўшы галаву, Луіза маўчала. Біддзі нейкі час крэсліла нешта па пяску канцом парасона, потым узняла галаву. Шашкоў.

крэ́сы, ‑аў; адз. няма; (звычайна ў спалучэнні з прым. «усходнія»).

Назва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якой карысталіся польскія шавіністы ў 1919–1939 гг., калі гэтыя землі былі захоплены буржуазнай Польшчай.

[Польск. kresy — прыгранічная вобласць.]

крэто́н, ‑у, м.

Густая баваўняная ўзорыстая тканіна для абіўкі мэблі.

[Фр. cretonne.]

крэто́навы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з крэтону. Крэтонавы чахол.

крэ́ўны,

гл. кроўны.

крэці́н, ‑а, м.

1. Хворы на крэцінізм (у 1 знач.).

2. Лаянк. Пра тупога, разумова абмежаванай чалавека.

крэціні́зм, ‑у, м.

1. Прыроджаная разумовая адсталасць і фізічная недаразвітасць, абумоўленыя парушэннем функцый шчытападобнай залозы і галаўнога мозгу.

2. перан. Тупасць, абмежаванасць розуму.