крэсла, ‑а, н.

1. Прадмет мэблі, звычайна са спінкай, прызначаны для сядзення аднаго чалавека. Венскае крэсла. ▪ Вялікая гасціная была ўстаўлена добрым дзесяткам крэслаў вакол круглага стала. Ваданосаў. // Такі прадмет мэблі з мяккай абіўкай і ручкамі-падлакотнікамі. [Дзяўчына] падышла пад акно, зірнула на двор і толькі тады вярнулася і села ў мяккае крэсла каля канапы. Мурашка.

2. перан.; звычайна з азначэннем. Разм. Месца работы, пасада. Заняць міністэрскае крэсла. ▪ Летась залічыў у штат жонку майго лепшага сябра Радзівонава — раскрытыкавалі так, што ледзь у крэсле ўтрымаўся. Вірня.

•••

Крэсла-ложак — раскладное крэсла, якое можна выкарыстоўваць у якасці ложка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)