Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зага́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Дрэнны, няправільны; з заганамі. Заганны стыль работы. Заганная тэорыя.

2. Амаральны, непрыстойны. Заганны ўчынак.

заганя́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да заганяць ​1.

заганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да загнаць.

заганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Разм.

1. Змарыць, давесці да стомы, прымушаючы многа хадзіць, бегаць і пад. Анісім Папок заганяў свайго Буланчыка, ездзячы ў раён. Сабаленка.

2. перан. Стаміць працай, шматлікімі даручэннямі, прыдзіркамі і пад. Мікіта. Шэпча сам сабе: «Добра, што хоць ніхто не ведае, а каб ведалі, заганялі б мяне людзі, затукалі б, а мо’ і яшчэ горай было б». Галавач. Свякроўка ж мяне заганяе, Ніколі мне не паспагадае. З нар.

зага́р, ‑у, м.

Смуглы, цёмны колер, які набывае скура пад уздзеяннем сонечнага прамення. Смех упрыгожыў .. смуглыя шчокі Густы, пакрытыя роўным залацістыя вагарам. Васілевіч. Белыя хусткі яшчэ больш падкрэсліваюць здаровы залаціста-румяны загар на тварах. В. Вольскі.

загарава́ць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм. Нажыць, здабыць цяжкай працай. Загараваць кавалак хлеба.

загарава́ць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Пачаць гараваць.

за́гарада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж. і за́гарад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Агароджа з жэрдак, колля і пад. Андрэй увайшоў у хлеў і прыпёрся плячамі да загарады. Крапіва.

2. Агароджанае месца для жывёлы; стойла. Там жа [у лесе] у загарадах стаяць каровы, свінні — падалей ад вайны. Навуменка.

загараджа́льнік, ‑а, м.

Ваеннае судна, якое ставіць мінныя і іншыя загароды. Мінны загараджальнік.

загараджа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць загародай ад чаго‑н., перашкодай чаму‑н. Загараджальны агонь. Загараджальны атрад. □ Над горадам віселі загараджальныя аэрастаты. Сяргейчык.

загара́джваць,

гл. загароджваць.

загараджэ́нне, ‑я, н.

Тое, што і загарода (у 1 знач.). Драцяное загараджэнне.