страча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Тое, што і сустракацца. Але нават тады, калі б .. [Ядвіся] была старой, бяззубай, гарбатай і крывой,.. [Чабаноўскі] — гэта разумелася сэрцам — усё роўна лічыў бы яе дзівам, якое страчаецца толькі самым шчаслівым людзям на свеце. Асіпенка.
страча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Тое, што і сустракаць. Спяшаюся. І ля варот страчае З усмешкаю прыветлівай яна [рыбачка]. Танк. Хочацца сёння самому пабачыць, Як беларусы страчаюць дзень новы. Прыходзька. Усмешка была адкрытая, радасная, якая бывае ў маці, што пасля доўгай разлукі страчае любімае сваё дзіця. Васілёнак.
стра́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да страціцца.
2. Зал. да страчваць.
стра́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да страціць.
страчо́к, ‑чка, м.
Грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай.
страчы́цца, строчыцца; незак.
Зал. да страчыць.
страчы́ць, страчу, строчыш, строчыць; незак., што.
1. Шыць, вышываць суцэльным швом. Страчыць рукаў. Страчыць сукенку. // і без дап. Разм. Шыць на швейнай машыне. Шкуркі белыя дастаў, Ніткі і машыну: Шые, строчыць... Хутка стаў І краўцом хлапчына. Бялевіч.
2. перан.; і без дап. Разм. Хутка, паспешна пісаць. Пытаюць анкеты: калі я і дзе нарадзіўся? Калі я вучыўся? І з кім і калі ажаніўся?.. І строчым адказы... Старанна!.. Кірэенка. // Хутка гаварыць. Жанчына трухае побач, строчыць несупынна, звягліва. Савіцкі.
3. без дап. Страляць (пра частую стрэльбу з аўтаматычнай зброі). Бесперапынна сакаталі два ручныя партызанскія кулямёты, страчылі аўтаматы. Васілеўская. Каля чыгуначнага моста .. чуваць рэдкія чэргі. Гэта на правым флангу .. строчыць Яша Шакурка. Місько.
стра́шанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. страшыць.
стра́шна,
1. Прысл. да страшны.
2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё страху, якое зведаў, зазнаў хто‑н. Мне страшна, але іду. Колас. Гвардыян раптам адчуў, што сапраўды яму страшна. Зарэцкі. / з інф. Вось як нялёгка дараваць Табе віну маю старую! І страшна мне сябе спытаць: «А сам сабе я ці дарую?» Гілевіч. Страшна падумаць, што магло б быць, каб эпідэмія разгулялася ў раёне. М. Ткачоў.