страхава́цца, страхуюся, страхуешся, страхуецца; незак.
1. Праводзіць страхаванне свайго жыцця, сваёй маёмасці. Страхавацца на выпадак пажару.
2. перан. Засцерагаць сябе ад чаго‑н. (непрыемнага, непажаданага). [Барыс Міхайлавіч:] — Гарантыі ў заработках няма ў здзельшчыкаў. Нарміроўшчыкі баяцца перарасходу зарплаты. Таму страхуюцца. Мыслівец.
3. Зал. да страхаваць.
страхава́ць, страхую, страхуеш, страхуе; незак., каго-што.
1. Праводзіць страхаванне (у 2 знач.), заключаць дагавор аб страхаванні. Страхаваць жыццё. Страхаваць багаж. Страхаваць маёмасць. Страхаваць будынак ад пажару.
2. Спец. Засцерагаць ад няшчасных выпадкаў пры выкананні гімнастычных практыкаванняў, цыркавых нумароў і пад. Страхаваць гімнаста.
3. перан. Засцерагаць ад чаго‑н. (непрыемнага, непажаданага). Вы не зусім правільна зрэагавалі на гэты выпадак — трэба было страхаваць сябе ад новага «ЧП» не суровымі вымовамі. Дадзіёмаў.
страхавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да страхавання жыцця, маёмасці і пад. Страхавыя аперацыі. Страхавы збор.
2. Звязаны з сацыяльным страхаваннем, які займаецца сацыяльным страхаваннем. Страхавы дэлегат. Страхавая медыцына. Страхавы ўрач.
3. Які прызначаны, служыць для забеспячэння каго‑, чаго‑н. у выпадку непрадбачаных няшчасных выпадкаў і стыхійных бедстваў. Страхавы насенны фонд. Страхавыя запасы кармоў.
страхаге́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Прадстаўнік арганізацыі, установы, якая праводзіць страхаванне (у 2 знач.); страхавы агент.
страха́р, ‑а, м.
Рабочы, які крые стрэхі. У нейкую далёкую і невядомую для мяне Ятвезь бацька панёс страхарам грошы. Мы павінны былі ім яшчэ з восені. Яны крылі нашу хату. Адамчык.
страхата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.
Разм.
1. Пра таго, хто (або тое, што) з’яўляецца пагрозай для каго‑н. Пазалочаны, сіняхвосты кукарэка, страхата для ўсіх суседніх пеўняў, станавіўся ў позу... Брыль.
2. у знач. вык. Тое, што і страх (у 2 знач.). А дома ў нас страхата — кругом беспарадак.
страхдэлега́т, ‑а, М ‑гаце, м.
Выбарны прадстаўнік у прафсаюзнай арганізацыі, які ажыццяўляе кантроль за правядзеннем мерапрыемстваў па сацыяльнаму страхаванню.
страхка́са, ‑ы, ж.
Каса сацыяльнага страхавання.
страхка́савы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да страхкасы. Страхкасавы бланк.
страхо́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае страх; жудасны. [Аксеня Маркаўна] гладзіла па галоўцы Вольку і думала бясконцую горкую думу: .. калі ўжо будзе канец гэтаму страхотліваму ліхалеццю. Марціновіч.
2. Які значна перавышае звычайную меру, норму; вельмі моцны. Страхотлівы дынамізм бясконцых сутычак з волатам пушчаў [у паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра»] павінен пераканаць чытача, што паляванне на зубра не забаўка і не проста забойства, а барацьба, рыцарскі занятак, проба смяротнай небяспекай. У. Калеснік.