Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зныва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зныць.

зныць, зныю, знаеш, зные; зак.

Стаміцца, змучыцца душэўна. Зныла, збалела сэрца ад бесперапынных спадзяванняў. Кулакоўскі.

зню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пазнаць адзін аднаго па нюху (пра сабак).

2. перан. Разм. неадабр. Зблізіцца, уступіць у тайную змову для сумесных дзеянняў; дамовіцца. Малашкін знюхаўся з Кляновічам, і яны абодва хочуць падарваць аўтарытэт першага намесніка. Пестрак. — Бандыт і ёсць, калі знюхаўся з кулаччом, — смела сказаў стары. Бажко. // Уступіць у любоўную сувязь. Міхалка з горам на душы расказаў гісторыю сваёй дачкі, якая вучылася на зубнога доктара, але знюхалася з нейкім прайдзісветам, быццам пажаніліся, потым ён пакінуў яе з маленькім дзіцем, і хоць кукуй зараз бацька. Ермаловіч.

зню́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і са злучн. «што».

Разм.

1. Адчуць, пазнаць па паху. [Сёмка] так прапах сосам, што яго можна было за паўвярсты носам знюхаць. Колас. [Хорт] пацягнуў носам і зараз знюхаў зайца. Гарэцкі.

2. перан. Даведацца пра што‑н.; пранюхаць. [Паўліпка:] Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху, ні духу? Ці не знюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака? Купала.

зню́хвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да знюхацца.

знябы́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Змораны, змучаны. На палку, здарожаны, знябыты, абарваны, сядзеў Гарус. Чорны.

знябы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; зак.

Разм. Змарыцца, змучыцца. Ян зусім знябыўся, ледзьве ходзіць. Чарнышэвіч. [Быстроў] стрымана, з насмешачкай, расказаў, як гадоў пяць назад, палюючы ў тайзе, так знябыўся, што зваліўся ў снег і ледзь не замёрз. Мележ.

знява́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зневажаць — зняважыць.

2. Тое, што можа абразіць, зняважыць; абразлівы ўчынак, паводзіны, слова. Распарадчык змераў позіркам Краўчанкаву постаць, і Краўчанка ўбачыў у гэтым позірку знявагу і дакор. Мікуліч.

знява́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зняважыць.

2. у знач. прым. Пакрыўджаны, абражаны, прыніжаны. У верш [Ю. Таўбіна] увайшла тэма зняважанай, скатаванай Заходняй Беларусі. Бярозкін. / у знач. наз. знява́жаны, ‑ага, м.; знява́жаная, ‑ай, ж. [Янка Купала] умеў быць пяшчотным, калі пісаў пра зняважаных і пакрыўджаных. Шкраба.

знява́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць зняважлівага.