змяшча́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць змяшчальнага.
змяшча́льны, ‑ая, ‑ае.
Здольны ўмясціць вялікую колькасць каго‑, чаго‑н.; ёмісты. Змяшчальны бак. Змяшчальнае памяшканне.
змяшча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да змясціцца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў якім‑н. месцы (аб установе, арганізацыі і пад.). Майстэрня змяшчалася ў вялізным неатынкаваным доме. Асіпенка.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утрымлівацца ў чым‑н., уваходзіць у склад чаго‑н. У 100 літрах паветра змяшчаецца каля 21 літра кіслароду.
4. Зал. да змяшчаць.
змяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да змясціць.
2. Мець, заключаць у сабе што‑н. Крупы грэчкі змяшчаюць вугляводы, бялкі, тлушчы.
змяшчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяшчаць — змясціць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. змяшчацца — змясціцца.
змяшэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. змяшаць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. змяшацца.
змяя́, ‑і́; мн. зме́і (з ліч. 2, 3, 4 змяі́), змей; ж.
1. Паўзун з доўгім звілістым целам, укрытым луской, без канечнасцей, звычайна з ядавітымі зубамі. Ядавітая змяя. □ Закруцілася змяя, засіпела так, што Ра спалохаўся і адбег назад. Маўр.
2. Разм. лаянк. Пра каварнага, злога чалавека. — Кінь сваю літасць да гэтай змяі. Ён калісьці над рабочымі таксама літасці не меў. Бядуля.
3. у знач. прысл. змяёй (‑ёю). Утвараючы звівы, зігзагі; звіліста. Паміж алешніку змяёю Крыніца чорнай паласою На свет зірнула, лёд прабіла, У старых карчах загаманіла. Колас.
•••
Грымучая змяя — трапічная ядавітая змяя, у некаторых відаў якой на канцы хваста ёсць конусападобныя арагавелыя лускавінкі, што ўтвараюць шум пры трэнні адной аб другую.
Змяя (гадзюка) падкалодная — пра хітрага, злога, каварнага чалавека.
Прыгрэць змяю на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.
зна́вец, знаўца і зна́ўца, ‑ы, м.
Чалавек, які валодае спецыяльнымі ведамі, пазнаннямі ў якой‑н. галіне; знаток. Музыку ж ён надта любіў і лічыў сябе закончаным знаўцам яе. Грамовіч. Выдатны майстра і тонкі знаўца жывога слова, Кузьма Чорны па-горкаўску ставіўся да мовы пісьменніка. Кудраўцаў.
знадво́рку, прысл.
1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.
2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.
знадво́рны, ‑ая, ‑ае.
Вонкавы, знешні. Знадворныя дзверы. □ Хата дзеда Талаша ўсё ж такі зварачае на сябе ўвагу. Не так знадворным выглядам, як адзіноцтвам. Колас.