Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стогра́дусны, ‑ая, ‑ае.

Які ўтрымлівае сто градусаў чаго‑н. або паказвае сто градусаў. Стоградусная тэмпература. Стоградусны тэрмометр.

стограмо́вы, ‑ая, ‑ае.

Вагой (ёмістасцю) у сто грамаў. Стограмовая гіра. Стограмовая бутэлечка.

сто́енасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стоенага. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Гаўрусёў.

сто́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаіць.

2. у знач. прым. Які скрывае ад іншых свае пачуцці, настрой, думкі і пад.; скрытны. Аляксандра — кабета стоеная. Шуснуўшы цішком разы са тры ў бор, грыбамі сваімі пахвалілася толькі тады, калі ўбачыла, што лес пусты. Навуменка.

3. у знач. прым. Які скрываецца, утойваецца ад іншых. Кажа [старшыня] спакойна, але ў гэтых спакойных словах чуецца стоены гнеў, раздражнёны крык: — Сарвеш ты мне надоі, Васіль Фёдаравіч, з такім падкормам. Шамякін. Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай. Быкаў. // Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але знешне яшчэ непрыкметны. А як ні старалася Вера Антонаўка жыць адасоблена, яна не магла ўнікнуць .. стоенай і даволі ўпартай барацьбы. Карпаў.

сто́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стойкі ​2 (у 1, 3 знач.). Стоечны брус.

сто́ік, ‑а, м.

1. Паслядоўнік філасофіі стаіцызму.

2. перан. Пра чалавека, які стойка і мужна пераносіць усе жыццёвыя выпрабаванні, нягоды, цяжкасці.

[Грэч. stōikos.]

сто́йбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

сто́йбішчавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стойбішча, з’яўляецца стойбішчам.

сто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да стаіцца.

2. Зал. да стойваць.

сто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да стаіць.