стойбішча, ‑а, н.

1. Часовае паселішча качэўнікаў. // Жыхары гэтага паселішча. У канцы лета жанчыны збіралі доўгія сцябліны крапівы. А глыбокай восенню, калі стойбішча ўжо запаслося на зіму карэннямі і познімі ягадамі і ўжо набліжалася падлёдавая лоўля рыбы, яны браліся за нялёгкую і вельмі карпатлівую работу. Штыхаў. // Часовае паселішча наогул. Ля былых партызанскіх стойбішчаў Туманы на ялінах вісяць. Панчанка. Чалавек сорак чырвонаармейцаў гаспадарыла там, дзе нядаўна было стойбішча бежанцаў. Няхай.

2. Пасёлак, сяло аселых народнасцей Прыамур’я і Сахаліна. Некалі гэта было невялічкае ніўхскае стойбішча. Грахоўскі. — Аднойчы ўвосень, — расказваў далей тата, — чукча-аленявод з далёкага стойбішча прыгнаў мне цэлы статак аленяў, каб аддзякаваць за лячэнне свайго ўнука. Бяганская.

3. Месца адпачынку жывёлы на пашы. Штодзень даяркі — белыя анёлы — На стойбішча прыходзяць грамадой, Дзе доўга чуць дайніцаў звон вясёлы, У якіх дыміць пахучы сырадой. Танк. Калгаснага статка ў кароўніках не было — ён пасвіўся далёка ад вёскі і начаваў на лёгкіх стойбішчах у лесе. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)