зага́дзіць, ‑га́джу, ‑га́дзіш, ‑га́дзіць; заг. зага́дзь; зак., што.
Разм. Забрудзіць нечыстотамі, адкідамі. Марк паскардзіўся Шурку, што паліцаі на пляжы мыюць коней і так загадзілі ўсё навокал, аж пакупацца нельга. Васілеўская.
загадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак., каго.
Разм. Задобрыць чым‑н., выклікаць прыхільнасць. Будавацца трэба, дык трэба загадзіць ляснічага. Пестрак.
за́гадзя, прысл.
Зараней, наперад. Не за гарамі была гарачая пара сяўбы. І людзі загадзя рыхтаваліся да яе. Курто. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі.. і чакала дня ад’езду. Колас.
зага́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Кароткае іншасказальнае апісанне якога‑н. прадмета, з’явы, якія трэба пазнаць, адгадаць. Адгадаць загадку. □ Нам Пятро спачатку Загадаў загадку: Мой кравец заўсёды колкі, Бо на ім тырчаць іголкі. Грахоўскі.
2. перан. Пра што‑н. складанае, заблытанае, незразумелае, што патрабуе разгадкі, тлумачэння. [Багуцкі] заставаўся загадкай для камісара гестапа. Лынькоў. Чулася людзям загадка, якая не адзін дзень, не адзін тыдзень вісела над імі, над усім сялом, невядома што зычыла. Мележ. Жыццёвы і творчы шлях Баршчэўскага поўны супярэчнасцей і загадак. Мальдзіс.
зага́дкавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць загадкавага. А зямля ляжыць вакол.., поўная загадкавасці, вабіць сваёй блізкасцю, дражніцца сваімі багаццямі. Галавач.
зага́дкавы, ‑ая, ‑ае.
Незразумелы, непазнаны, таямнічы. Загадкавы чалавек. Загадкавыя паводзіны. □ Загадкавая ўсмешка даўно сышла з начальніцкага твару, пасур’ёзнеў ён, нахмурыўся. Лынькоў. Гэта былі ўжо не кусты і не дрэўцы, а загадкавыя белыя здані, ні на, што не падобныя. Чарнышэвіч.
зага́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць загаднага. Характар выражэння загаднасці ў пэўнай ступені залежыць ад трывання дзеяслова. Граматыка.
зага́дны, ‑ая, ‑ае.
Які выражае загад. Загадны жэст. □ У полі стрэлы сціхлі, чулася толькі фырканне матораў, ляскат гусеніц ды загадныя воклічы. Мележ.
•••
Загадны лад гл. лад 2.
загадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да загадаваць.
зага́дчык, ‑а, м.
Той, хто загадвае, кіруе чым‑н. Загадчык малочнатаварнай фермы.