ста́тутны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да статута. Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл. Мележ. — Вы ўжо не першы раз парушаеце строгі статутны парадак, — пачаў камандзір, калі Зуб зайшоў у канцылярыю. «Маладосць».
статуэ́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Невялікая скульптурная фігурка, якая звычайна служыць упрыгожаннем. З шафы [Вера] падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч. На рэспубліканскай мастацкай выстаўцы наведвальнікі падоўгу спыняліся ля невялікай статуэткі «За мір». «Маладосць». Прыйшлі два малайцы. Прынеслі выдатна выразаную з чорнага дрэва статуэтку маладой негрыцянкі — сімвал маці. Шамякін.
ста́туя, ‑і, ж.
Скульптурны вобраз чалавека або жывёліны, які звычайна размяшчаюцца на пастаменце. Мармуровая статуя. □ Прыгожы сад, які любіў Ватто: Між дрэў зялёных статуі паўсталі. Багдановіч. // перан. Пра халоднага, пазбаўленага жыццёвай энергіі чалавека. Гледзячы збоку на Аню, нельга было не падумаць: даць бы гэтай прыгожай статуі жывыя і цёплыя вочы. Васілевіч.
•••
Як статуя (стаяць, сядзець) — зусім нерухома.
ста́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Раздзел тэарэтычнай механікі, які вывучае раўнавагу цел пад уздзеяннем сіл.
2. Стан спакою, раўнавагі; проціл. дынаміка. // перан. Нязменнасць, адсутнасць руху, развіцця. Паказ характару ў статыцы ў пэўнай меры абмяжоўвае магчымасці пісьменніка. Дзюбайла.
[Грэч. statikē — раўнавага.]
статы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Акцёр, які выконвае на сцэне другарадным ролі без слоў, удзельнік масавых сцэн. Калі была патрэба, усе .. [хлапчукі] выходзілі на сцэну статыстамі. Рамановіч.
2. перан. Асоба, якая адыгрывае зусім малую ролю ў той ці іншай справе, дзейнічае пасіўна. Тым, хто запрашаўся дзеля кампаніі, відаць, апрыкрала роля статыстаў. Навуменка.
[Ад грэч. statos — які стаіць.]
статы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да статыст.
статы́стык, ‑а, м.
Спецыяліст па статыстыцы, які займаецца статыстыкай. — Колькі людзей на зямлі? — Я запытаў у статыстыка. Макаль.
статы́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Навука, якая вывучае колькасныя змяненні ў развіцці чалавечага грамадства, народнай гаспадаркі і займаецца апрацоўкай лічбавых паказчыкаў з навуковай і практычнай мэтай.
2. Улік у якой‑н. галіне народнай гаспадаркі, грамадскім жыцці, а таксама дадзеныя такога ўліку. Статыстыка савецкага друку. Прамысловая статыстыка. Школьная статыстыка. □ Сённяшняя статыстыка бібліятэк і кніжнага гандлю адзначае асаблівую цікавасць чытача да твораў дакументальнай літаратуры. «Полымя».
3. Навуковы метад колькасных даследаванняў, які выкарыстоўваецца ў некаторых галінах ведаў. Лінгвістычная статыстыка. Біялагічная статыстыка.
•••
Варыяцыйная статыстыка (спец.) — раздзел матэматычнай статыстыкі, што вывучае сукупнасці аб’ектаў, уласцівасці якіх змяняюцца (вар’іруюцца) ад аб’екта да аб’екта.
[Лац. status — стан.]
статысты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да статыстыкі (у 1, 2 знач.). Статыстычная тэорыя. Статыстычныя даныя. // Які ажыццяўляецца метадам статыстыкі. Статыстычныя назіранні. Статыстычныя табліцы.
2. Які мае адносіны да статыстыкі (у 3 знач.). Статыстычная праверка гіпотэзы.
статы́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць статычнага (у 2 знач.). Колас як празаік рос, пераадольваючы статычнасць, апісальніцтва, ішоў да раскрыцця падзей, з’яў жыцця праз сюжэт, праз драматычныя сутыкненні герояў. Навуменка.