Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змо́ва, ‑ы. ж.

Тайнае пагадненне некалькіх асоб аб сумесных дзеяннях супроць каго‑, чаго‑н. для дасягнення пэўных палітычных мэт. Насельніцтва пачало ўсё больш і больш пераконвацца, што гэта дума з’яўляецца новай змоваю буржуазіі і самаўладства. Колас. // Тайны ўгавор, дамоўленасць. [Наталля:] Дык гэта ж і ёсць змова дваіх супроць трэцяга. Прычым, гэты трэці — чэсны чалавек. Крапіва.

змо́віны, ‑він; адз. няма.

Абл. Заручыны. [Васіль] даведаўся, што былі змовіны, што Ганну прапівалі, прапілі, што яна — не яго, Карчова. Мележ.

змо́віцца, змоўлюся, змовішся, змовіцца; зак.

Дагаварыцца, дамовіцца адносна якіх‑н. дзеянняў. Ліпачка не магла ўтаіць ад бацькі, што яны змовіліся ў школе кожны дзень па чарзе насіць на Арцюхову магілу кветкі. Сабаленка.

змо́га, ‑і, ДМ змозе, ж.

1. Здольнасць рабіць што‑н.; сіла, магчымасць. Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі, наколькі хопіць дзён жыцця майго, — мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь, ад перамогі і да перамогі. Дубоўка. Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі, І ўжо ўзняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ў далеч. А. Астапенка.

2. Моцная стомленасць, поўнае бяссілле. Балелі рукі, млелі ногі, Старыя падалі ад змогі. Глебка.

змо́клы, ‑ая, ‑ае.

Мокры, намоклы. [Зыбін], сушачы каля печкі змоклыя дыяганалевыя штаны, стаў з захапленнем маляваць карціну ўральскай зімы. Мележ.

змо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змок, ‑ла; зак.

Зрабіцца мокрым; намокнуць, вымакнуць. Юрка змок па калені, і яго пачынае трэсці, ляскаюць зубы. Пташнікаў. Па твары [Фішара] сцякалі сцюдзёныя кроплі, змокла перавязка на шыі. Быкаў.

змо́ладу, прысл.

1. З маладых гадоў, з маладосці. — Змоладу трэба ў работу ўцягвацца, — стаяў на сваім Марцін, — бо як вырастуць гультаямі, то дзякуй не скажуць табе за гэта. Колас.

2. У маладыя гады, у маладосці. — Змоладу мы ўсе .. разумныя. Кандрусевіч.

змо́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад змалоць.

змор, ‑у, м.

У выразах: браць (узяць) зморам; браць (узяць) на змор гл. браць.

змо́ра, ‑ы, ж.

Тое, што і зморанасць; стома. Яніна ідзе і ідзе шпарка, каб замарыцца і забыць пра ўсё. Але зморы няма. Мурашка. На дзяўчынку пала змора, Спіць яна ў полі чыстым. Броўка.