Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змізарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Схудзець, здрабнець, асунуцца (пра твар, чалавека з пахудзелым тварам). Бацька вельмі схуднеў, неяк змізарнеў і з твару і з постаці, прыгорбіўся, як бы ім завалодала старасць, якая вось-вось зусім сагне, скруціць чалавека. Сабаленка. // Зачахнуць, паблякнуць. Змізарнела маладое лісце на дрэвах, сцяліся на вішнях кветкі. Пташнікаў.

2. перан. Страціць былую веліч, значэнне і пад. Дваранскі род змізарнеў.

змікі́ціць, ‑кічу, ‑кіціш, ‑кіціць; зак.

Разм. Зразумець што‑н., здагадацца аб чым‑н. — [Збінацкі], значыцца, змікіціў, што са мною дрэнныя жарты, і давай прасіцца. Сіняўскі.

змі́лавацца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Праявіць міласць, спагаду; злітавацца. [Зоська:] Нашто рукі звязалі? Мамачка, браточкі, змілуйцеся, развяжыце! Купала. Больш, тыдня Алесь працаваў на трактары: такое пакаранне прыдумаў яму старшыня. І ўсё ж, нарэшце, змілаваўся, зноў даў яму трохтонку. Ваданосаў.

зміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да змяць.

зміра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да змірыцца.

зміра́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да змірыць.

зміра́ць 2, ‑ае.

Незак. да змерці.

зміргну́ць,

гл. змаргнуць.

зміры́цца, зміруся, змірышся, змірыцца; зак.

1. Звыкшыся, прымірыцца, пагадзіцца з чым‑н. Алік даўно ўжо змірыўся з думкай, што бацька загінуў на вайне. Дадзіёмаў. Цяжка змірыцца з тым, што здарылася. Галавач.

2. Перастаць працівіцца, настойваць на чым‑н., пакарыцца абставінам. Марына Мікалаеўна змоўкла і вырашыла змірыцца з усім, што робіцца гэтым радасным днём. Кавалёў. — Не магу змірыцца — такія крыўды чыняцца людзям. Колас.

3. Разм. Памірыцца, прымірыцца. — З такімі, як Баўтрукоў, я не зміруся ніколі, ніколі ў жыцці! Савіцкі.

зміры́ць, зміру, змірыш, змірыць; зак., каго-што.

Разм. Памірыць, прымірыць. Змірыць суседзяў. □ — Пажылі б на маім месцы, ведалі б тады, як гэта дзвюх кошак у адным мяшку змірыць. Мыслівец.

змірэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зміраць — змірыць і змірацца — змірыцца.