Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самава́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Праводзіць час за піццём чаю з самавара.

самава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самавара. Самаварны кран. □ Ганна мігнула ў дзверы, падаўшы пра сябе знаць стукам самаварнай трубы ў калідоры. Гартны. // Які служыць для вырабу самавараў. Самаварны промысел. // Прызначаны для самавара. Самаварны столік.

самава́рчык, ‑а, м.

Разм. Памянш.-ласк. да самавар. Выспаўшыся на поўнае вока, .. [пан Ян] спаражняў, як з пахмелля, самаварчык упрыкуску. Брыль. Насупраць уваходу стаяў стол, накрыты белым абрусам, а на стале ўжо весела пашумліваў самаварчык, ведучы сваю няўпынную гутарку. Колас.

самаві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць самавітага. Ва ўсёй постаці.. [спадарожніка] і ў выразе твару падкрэслівалася ўпэўненасць і самавітасць. Ракітны. Дзеці самі падпарадкоўваліся.. [Сярожу], паважаючы яго самавітасць, не па ўзросту сталы розум. Новікаў.

самаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Мажны, дзябёлы. Я ўглядаюся ў партрэт Пятра Мацвеевіча. Плячысты, самавіты асілак з пышнай барадой. Мехаў. Міма моранага дуба, на якім я сядзеў, ішла маладая жанчына — невысокая, але самавітая; на ёй была лёгкая сукенка з каляровага — зялёны гарох — паркалю, якая ладна аблягала яе стан. Чыгрынаў. // Разм. Адкормлены, важкі (у адносінах да рыб і пад.). Па чаротах цішыня такая, Толькі ўсплёскі самавітых рыб. Броўка.

2. Паважны, салідны. Быў.. [Вяржбіцкі] мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты. Гарэцкі. // Удумлівы, самастойны. Косця ўдумлівы, не па гадах самавіты. Зарыцкі. // Упэўнены, спакойны. Непаспешлівыя, самавітыя рухі [Юркі] выклікалі зайздрасць. Карпаў.

3. Поўны хараства, прыгажосці, самабытнасці. Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця. Колас.

4. Поўны дастатку, эканамічна моцны, заможны. Аздобленыя аканіцы на вялікіх светлых вокнах, бляшаныя, ярка пафарбаваныя дахі, багатыя агароджы вакол сядзіб — усё сведчыла аб тым, што тут жывуць гаспадары моцныя, самавітыя. Новікаў. Гаспадар ён [Варонін] быў самавіты, не любіў, калі яго заданне марудна выконвалася. Грамовіч.

5. Моцны на слых, галасісты. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. Чорны.

6. (з адмоўем «не»). Які выражае непаўнату або адсутнасць якой‑н. якасці. На санках не паедзеш, дарога ўжо не самавітая. Кулакоўскі. Схованка.. была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата. Быкаў. Зіму, перагаравалі разам з дзедам, а вясною перабраліся ў няхай не вельмі самавітую на выгляд, але сваю хату. С. Александровіч.

самаво́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Самавольная адлучка (са службы, з работы і пад.). Пайшоў.. [Амельчанка] ноччу з лагера ў самаволку, каб пагрэцца ў хаце лесніка, а там стаіць вартавы. Дудо. Сяржант Шаўчук, не ў прыклад сваім падначаленым, пайшоў аднойчы ў самаволку. Брыль.

самаво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць самавольнага.

самаво́льнік, ‑а, м.

Разм. Чалавек, які вылучаецца самавольствам. — Што вы, суседзі, падумалі? Цэлаю вайною на нас [дымаўцаў] ідзяце. Што ж мы, самавольнікі якія, ці што? Мы па закону, сілаю не бяром [луг]. Крапіва.

самаво́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да самавольна.

самаво́льнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. самавольнічаць.