самавіты, ‑ая, ‑ае.
1. Мажны, дзябёлы. Я ўглядаюся ў партрэт Пятра Мацвеевіча. Плячысты, самавіты асілак з пышнай барадой. Мехаў. Міма моранага дуба, на якім я сядзеў, ішла маладая жанчына — невысокая, але самавітая; на ёй была лёгкая сукенка з каляровага — зялёны гарох — паркалю, якая ладна аблягала яе стан. Чыгрынаў. // Разм. Адкормлены, важкі (у адносінах да рыб і пад.). Па чаротах цішыня такая, Толькі ўсплёскі самавітых рыб. Броўка.
2. Паважны, салідны. Быў.. [Вяржбіцкі] мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты. Гарэцкі. // Удумлівы, самастойны. Косця ўдумлівы, не па гадах самавіты. Зарыцкі. // Упэўнены, спакойны. Непаспешлівыя, самавітыя рухі [Юркі] выклікалі зайздрасць. Карпаў.
3. Поўны хараства, прыгажосці, самабытнасці. Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця. Колас.
4. Поўны дастатку, эканамічна моцны, заможны. Аздобленыя аканіцы на вялікіх светлых вокнах, бляшаныя, ярка пафарбаваныя дахі, багатыя агароджы вакол сядзіб — усё сведчыла аб тым, што тут жывуць гаспадары моцныя, самавітыя. Новікаў. Гаспадар ён [Варонін] быў самавіты, не любіў, калі яго заданне марудна выконвалася. Грамовіч.
5. Моцны на слых, галасісты. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. Чорны.
6. (з адмоўем «не»). Які выражае непаўнату або адсутнасць якой‑н. якасці. На санках не паедзеш, дарога ўжо не самавітая. Кулакоўскі. Схованка.. была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата. Быкаў. Зіму, перагаравалі разам з дзедам, а вясною перабраліся ў няхай не вельмі самавітую на выгляд, але сваю хату. С. Александровіч.