эпісталя́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эпісталы (у 1 знач.). Эпісталярны стыль. // Напісаны ў форме пісем (пра літаратурны твор). Эпісталярныя раманы «Пісьмы з Францыі і Італіі» А. Герцэна, «Бедныя людзі» Ф. Дастаеўскага.
2. Які з’яўляецца сукупнасцю чыіх‑н. пісем. Эпісталярная спадчына Я. Купалы.
эпі́страфа, ‑ы, ж.
Стылістычная фігура, якая заключаецца ў паўтарэнні аднаго і таго ж слова або выразу на пачатку і ў канцы ці толькі ў канцы строф, напрыклад: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прывяла... Помніш, калі я спаткаўся з табою, Зорка Венера ўзышла». Багдановіч. «У тым сяле, дзе я не быў ніколі, І нават дзе яго шукаць — не знаю, Ёсць хата ў яблынях, парог якое Я толькі ў сне парой пераступаю. І зноў і зноў там, ледзь сцямнее ў полі, Хаджу, як прывід, з вечара да ранку — Ўсё запаветную шукаю брамку У тым сяле, дзе я не быў ніколі». Гілевіч.
[Ад грэч. epistrophe — вярчэнне.]
эпістрафе́й, ‑я, м.
Спец. Другі шыйны пазванок у наземных пазваночных жывёл і чалавека.
[Ад грэч. epistréphō — круціцца.]
эпітала́ма, ‑ы, ж.
1. У старажытных грэкаў і рымлян — віншавальная песня маладым.
2. Верш, напісаны з выпадку шлюбу.
[Ад грэч. epithalámios — вясельны.]
эпіта́фія, ‑і, ж.
1. Надмагільны надпіс.
2. Літаратурны твор, напісаны з выпадку чыёй‑н. смерці. Сябрам мы прысвячаем эпітафіі, Калі паклічуць за труной ісці. Бураўкін.
[Ад грэч. epitáphios — надмагільны.]
эпіту́ра, ‑ы, ж.
Дробны рачок, што водзіцца ў прэсных вадаёмах і фільтруе ваду. Эпітура за год фільтруе ў 10 разоў вады больш, чым яе наступае ў Байкал з усіх прытокаў.
эпітэ́лій, ‑я, м.
Спец.
1. Тканка чалавека і жывёл, якая пакрывае паверхню цела, высцілае сценкі поласцей і ўнутраных полых органаў.
2. Покрыва з танкасценных клетак, якое высцілае некаторыя ўнутраныя поласці раслін.
[Ад грэч. épi — на, над, пры і thēlē — сасок.]
эпітэлія́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да эпітэлія, складаецца з эпітэлія. Эпітэліяльная тканка. Эпітэліяльная клетка.
эпі́тэт, ‑а, М ‑тэце, м.
Паэтычнае азначэнне, якое выражае эмацыянальную ацэнку або дае вобразную характарыстыку прадмету, з’яве, напрыклад: «жалезны нарком», «свінцовыя хмары». З мэтай надаць сваім апавяданням гумарыстычную афарбоўку Якуб Колас, апрача параўнанняў, ужывае і другія стылістычныя спосабы — эпітэты, метафары, гіпербалы, якія нясуць у сабе пэўную долю гумару. «Полымя». // Слова, выраз, якім характарызуюць, называюць каго‑, што‑н. — Вас трэба павіншаваць. Вы дамагліся свайго — сталі спявачкай. Я з захапленнем слухаў ваш... — Андрэй падбіраў эпітэты, каб даць азначэнне яе голасу, але Ірына перапыніла яго. Сапрыка.
[Грэч. epítheton — прыдатак.]
эпі́фара, ‑ы, ж.
Спец. Стылістычная фігура, якая характарызуецца паўтарэннем аднаго і таго ж слова, рытмічных канструкцый, выразаў у канцы вершаваных радкоў або сумежных адрэзкаў мовы, напрыклад: «Ціхі і сіні блішча над хатай Неба прастор. Ціха гайдае ліпа над хатай Лісцяў узор». Багдановіч.
[Ад грэч. epiphóra — паўтарэнне.]