Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчытавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да шчыта (у 2, 3 знач.). Шчытавы затвор. // Зроблены са шчытоў (у 2 знач.). Побач са шчытавымі дамамі вырасталі грубы з брусчаткі, акрэсліваючы будучыя вуліцы. Савіцкі. // Які праводзіцца з дапамогай шчыта (у 2 знач.). Шчытавы спосаб будаўніцтва тунеля.

2. Спец. Які мае шчыт (у 6 знач.). Шчытавая тля.

шчытамо́рднік, ‑а, м.

Ядавітая змяя сямейства грымучых з буйнымі шчыткамі па галаве.

шчытано́сец 1, ‑носца, м.

У старажытнасці — воін, які быў узброены шчытом (у 1 знач.).

шчытано́сец 2, ‑носца, м.

Невялікае млекакормячае Паўднёвай Амерыкі, верх якога пакрыты рагавым панцырам.

шчытано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы; Р мн. ‑носак; ж.

Шкоднік раслін — жучок сямейства лістаедаў са шчытападобным покрывам на целе.

шчытападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму шчыта (у 1 знач.). Шчытападобнае ўпрыгожанне.

•••

Шчытападобная залоза — залоза ўнутранай сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёлін, якая прымае ўдзел у абмене рэчываў у арганізме.

шчы́тны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шчыльны (у 1, 2 знач.). Столь у хаце — высокая, шчытная, з добрага жоўтага дрэва, без сукоў. Ермаловіч. Укрытая шчытнымі хмарамі, ноч проста млела ў густой цеплыні. Зарэцкі.

шчыто́к, ‑тка, м.

1. Памянш.-ласк. да шчыт; невялікі шчыт (у 2, 3 і 4 знач.). Насунуўшы на вочы шчыток, працуе электразваршчык. Дадзіёмаў. І што ні двор — пад паветкай і пад сценамі пад самы шчыток — вялікія запасы сухіх дроў. Машара. Галя падскочыла да шчытка, паціснула кнопку. Грахоўскі.

2. У спорце — прыстасаванне, якое ахоўвае асобныя ўчасткі цела іграка ад удараў.

3. У заалогіі — цвёрдая пласцінка ля асновы крыл жука.

4. У батаніцы — суквецце, у якім усе кветкі, размешчаны на адной плоскасці.

шчыто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Шкоднік раслін — дробнае сысучае насякомае, пакрытае шчытом (у 6 знач.).

шчы́цік, ‑а, м.

Спец.

1. Насякомае з атрада хобатных, драўнінны або лясны клоп.

2. Рухомая частка кулямётнага і пад. прыцэла, што служыць для ўстаноўкі прыцэла на дыстанцыі.