шчэ́беневы, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца або зроблены са шчэбеню; пакрыты шчэбенем. Шчэбеневы насціл.
2. Які прызначаны, служыць для вырабу шчэбеню. Шчэбеневы завод.
шчэ́бень, ‑ю, м.
1. Біты, раздробнены камень, цэгла і пад., які прымяняецца для будаўнічых работ і пракладкі дарог.
2. Дарожнае пакрыццё, дарожны насып, зроблены з такога каменю, цэглы і пад. Тут [на Малахавым кургане] шчэбень церлі танкі ў пудру, І раптам нашае: — Палундра!.. Смагаровіч.
3. Асадачная горная парода, якая складаецца з невялікіх неабкачаных востравугольных абломкаў.
шчэ́бет, ‑у, М ‑беце, м.
Спеў шчыглоў, ластавак і некаторых іншых птушак. На світанні яны [палескія лясы] звіняць птушыным шчэбетам, пераклікаюцца глухім перастукам дзятлаў і буркатаннем дзікіх галубоў. Грахоўскі. Шчэбетам сустрэлі [ластаўкі] Родны край з дарогі. На тэлеантэне Пасядзелі трохі. Калачынскі. // перан. Гучны, хуткі, ажыўлены гоман, размова. Дзеці рассыпаліся па лесе і агаласілі яго сваім крыкам і шчэбетам. Колас. / у перан. ужыв. Сталы стаялі ўпрытык. Ад металічнага шчэбету машынак можна было аглухнуць. Сабаленка.
шчэ́лепны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шчэлепаў. Шчэлепная поласць. // Які мае шчэлепы. Шчэлепныя жывёлы.
шчэ́лепы, ‑аў; адз. няма.
Жабры. Шчэлепамі разбітымі пакутліва кратае камбала бездапаможна пляскатая. Барадулін.
шчэ́нная,
Цяжарная (пра сабаку, ваўчыцу, лісу і пад.). Праз нейкі момант з-за хлява, аблізваючыся, выйшаў сабака, узбег па сумёт, які пабраўся шараном, і тады Усціння ўбачыла, што гэта была шчэнная сучка — вялікі жывот свой яна ледзь не валачыла па снезе. Чыгрынаў.
шчэ́па, ‑ы, ж.
1. Чаранок высокагатунковага дрэва, які ўстаўляюць у расшчэплепую частку якой‑н. расліны для прышчэпкі.
2. Прышчэпленая расліна. Поруч са старымі яблынямі, грушамі раслі маладзенькія шчэпы. Пальчэўскі.
шчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Невялікая тонкая пласцінка, кавалак, адколаты па слаі дрэва; трэска. Напалавіну ў шчэпкі пакрышыла, Напалавіну полымем пайшла. Як быццам хата ў тым і саграшыла, Што гэтак доўга хатаю была. Чэрня. [Алёшка:] — Глядзі вунь [Грышка], колькі дробных шчэпак ля камля. Якімовіч.
шчэ́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Скаліцца, аскальвацца. Вочы .. [Мані] былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. Мележ. Хітра шчэрыцца адна Злосная ваўчыца. Барадулін. / у перан. ужыв. Амбразуры дзота грозна шчэрыліся на падводу. Новікаў.
шчэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Скаліць, аскальваць. Гаспадар спачувальна шчэрыць рот. Савіцкі. Аўчарка гыркала, шчэрыла зубы, рвалася да дрэва. Шыловіч. / у перан. ужыв. Стаю І на мяне падлога шчэрыць Крывыя, праржавелыя цвікі. Бураўкін.
•••
Шчэрыць зубы — тое, што і скаліць зубы (гл. скаліць).