Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчуп, ‑а, м.

Спец. Назва шэрага розных прыстасаванняў, інструментаў, прыбораў і пад., якімі выяўляюць, зандзіруюць, вымяраюць што‑н. // Сапёрны інструмент, які служыць для выяўлення закладзеных пад зямлёй мін. Калі мінашукальнікам выявіць міну немагчыма, дзейнічаюць шчупам. «Маладосць». // Інструмент, які складаецца з некалькіх пласцін рознай таўшчыні для вымярэння зазораў паміж дэталямі машын. // Пусты ўнутры стрыжань з вострым наканечнікам, які служыць для ўзяцця проб сыпкіх і вязкіх рэчываў (зерня, мукі, масла і пад.). [Лена] бярэ шчуп і апускае ў бак. Кулакоўскі. // Невялікі ручны бур для даследавання мяккіх парод і тарфянікаў.

шчупа́к, ‑а; м.

Драпежная прэснаводная прамысловая рыба сямейства шчупаковых з доўгім выцягнутым тулавам, вялікай сплюснутай галавой. [Тульба] дастаў з місы ладнага-такі, з паўметра, шчупака. Радкевіч. А ў глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк.

шчупако́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шчупака.

2. у знач. наз. шчупако́выя, ‑ых. Сямейства прэснаводных драпежных рыб.

шчупако́ў, ‑ова.

Які належыць шчупаку. Шчупаковы зубы.

шчу́пальцы, ‑аў; адз. шчупальца, ‑а, н.

Рухомыя адросткі на целе ў чарвей, малюскаў, членістаногіх і некаторых іншых жывёл, якія служаць для дотыку, захоплівання ежы, іншы раз для дыхання. Сярод шчупальцаў медузы нярэдка хаваюцца малькі розных рыб. «Маладосць». Другія жывёліны марскога дна — каралы, актыніі свае шматлікія шчупальцы выцягваюць высока ўверх і прагна хапаюць рэшткі харчу, якія падаюць на дно з паверхні акіяна. «Звязда». // перан. Пра тое, што нагадвае такія адросткі, пранікае куды‑н., захоплівае што‑н. На небе, пакінуўшы доўгія шчупальцы асляпляльна-белых пратуберанцаў, ляжала распластанае Сонца. Гамолка. Мы выразна ўсе ўбачылі Перад сабой, Як з канцэрнаў І банкаў Уол-стрыта Працягнуў свае шчупальцы Спрут-капітал Да калоній. Танк.

шчу́панне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчупаць.

шчу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, мацаць што‑н. з мэтай агляду, даследавання. Грыша нейкім дроцікам пачаў шчупаць верх скрыначкі... Якімовіч. А то, чаго добрага, скажуць: во, Красанок адправіў жонку на пагулянкі, а сам і карову доіць і курэй шчупае. Гроднеў. // перан. Разм. Уважліва разглядваць што‑н. Гудзілка быстра ўскідае неспакойныя вочкі, як бы шчупае Свірыдавы мыслі і стан яго душы. Колас.

2. перан. Разм. Асцярожна, незаўважна, непрыкметна старацца даведацца пра каго‑н., выведаць у каго‑н. што‑н. Доўга гаманіў Базыль ды аб усім патроху; гэтым ён шчупаў цвёрды, моцны грунт самасвядомасці. Нікановіч.

шчупачо́к, ‑чка, м.

1. Памянш. да шчупак.

2. Дзіцяня шчупака; малы шчупак.

шчупачы́на, ‑ы, м.

Разм. Вялікі шчупак. — Нічога сабе нагуляўся шчупачына за лета — павінен быць тлусты. Машара.

шчупачы́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, як у шчупака.