Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шчабнява́ць, ‑нюю, ‑нюеш, ‑нюе; незак., што.

Засыпаць, пакрываць што‑н. шчэбенем. Шчабняваць дарогу.

шчабята́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шчабятаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З вясёлым шчабятаннем залятала сюды пара ластавачак, аблюбаваўшых сабе месца для гняздзечка, і парушала гэтую маўклівасць сялянскага зацішку. Колас. Нідзе не чуваць было ні музыкі, ні спеваў, ні вясёлага шчабятання дзяцей, ні юнацкага смеху. Няхай.

шчабята́ць, ‑бячу, ‑бечаш, ‑беча; незак.

1. Спяваючы, утвараць гукі, падобныя на шчэбет (пра птушак). А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі. Брыль. Пад вільчыкам дома шчабяталі ластаўкі. Даніленка.

2. перан. Хутка, бесперастанку гаварыць (звычайна пра дзяцей, жанчын). — А ведаеш, тата, — шчабятала дзяўчынка на руках у Міколы. — Ты паедзеш, а да мяне сёння цёця Ната прыйдзе. Краўчанка.

3. перан. Шумець, булькаць, плёскацца (пра ваду). Дрэмле хмурынка, Шчабеча ручай. Смела, Ірынка, увысь пазірай. Вялюгін.

шчабяту́н, ‑бетуна, м.

Разм.

1. Птушка-самец, якая ўвесь час, не змаўкаючы, шчабеча.

2. перан. Той, хто многа, безупынку гаворыць. Дзядзька Антось узяў дзіця да сябе. Пад крысом кажуха, у люты мароз, занёс дзядзька шчабетуна ў лагер. Сачанка.

шчабяту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

1. Птушка, якая безупынна шчабеча. Пяюць яе [песню] шчабятухі расчулена, Дадому вярнуўшыся з выраю. Барадулін. Ластаўка, шчабятуха, Не адлятай, гасці! Лужанін.

2. перан. Разм. Пра жанчыну, дзяўчынку, якая хутка, бесперастанку гаворыць. Гэта яна — мая вясёлая, галасістая шчабятуха Паўлінка сышла са сцэны.. і стала зноў той самай мілай і сур’ёзнай Леначкай. Брыль.

шча́вель, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і шчаўе. Гарась вышчыпваў з травы малады шчавель і нехаця яго еў. Каваль. Дзяўчат, што ходзяць на той бок [Дняпра] па шчавель, ягады і грыбы, перапраўляюць.. лодачнікі. Брыль. Як глуха тут перапляліся Палын, румянкі, медуніца, Крапіва, падбярозка, гірса, Шчавель, трыпутнік і мятліца. Танк.

шчаву́к, ‑у, м.

Абл. Дзікае шчаўе. Пад самай страхой рос на кучы сухога гною высокі, у пахі, шчавук, цёмны, з жоўтым дробным насеннем на голых дудках. Пташнікаў.

шчадрава́нне, ‑я, н.

Святкаванне шчадраца. — Не асуджаеш, Уладзімір Іванавіч, маю выдумку з шчадраваннем? — спытаў каваль пасля хвіліны маўчання. Шамякін.

шчадро́ўкі, ‑ровак; адз. няма.

Разм. Тое, што і шчадрэц. Чытач нібы заходзіць у сялянскую хату, калі там святкуюцца каляды, шчадроўкі ці дзяды, ідзе ў поле ці на луг, каб паглядзець на купальскія ўрачыстасці або дажынкі. «Полымя». [Лялькевіч і Каваль] прыслухаліся да крокаў на вуліцы, да шчадровак. Шамякін.

шчадрэ́ц, ‑раца, м.

Уст. Даўні звычай адзначаць вечар напярэдадні Новага года; сам гэты вечар. Яшчэ зранку на шчадраца — у дзень перад Новым годам — уся сям’я пачынала займацца куццёю. Якімовіч. // Песня, якая спяваецца ў гэты вечар.