шчаўлю́к, ‑а, м.
Разм. Дзікарослае шчаўе; так званае вераб’інае шчаўе. [Піліпчык].. доўга стаяў перад зарослым лебядой і шчаўлюком печышчам свайго дома. Чорны.
шчаўчо́к, ‑чка, м.
1. Рэзкі, кароткі, адрывісты гук, які ўтвараецца пры рэзкім сутыкненні, рабоце механізма і пад. Сухі, ледзь чутны шчаўчок пачуўся ў пакоі — патрон даў асечку. Лупсякоў.
2. Тое, што і пстрычка. Ад шчаўчка пігмея ляцяць тарчма, Паўзуны, бяскрылае зло, Накіп людская, свінушнік, карчма, Эстэцкіх гадзін, кубло. Караткевіч.
шчаці́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і шчацінне. Толькі дзік, Адзін-адзіны, Той, з кім заяц балбатаў, Хібы ўсе прыкрыў шчацінай Ад брушыны да хрыбта. Калачынскі. Жыў у Старобіне анучнік Шмуіл. Яго ведала ўся наша акруга, а ў Арабінаўцы — кожны падлетак, бо Шмуіл за анучы, шчаціну і ўсякае іншае шмуцце даваў, акрамя мыла, дзёгцю, яшчэ і цукеркі ды мятныя пернікі. Кулакоўскі. Пятровіч толькі ўключыў электрабрытву, каб спляжыць сівую шчаціну са свайго твару, як пачуўся званок. «ЛіМ». А з перавулкаў — жандары — Коні, шаблі, хрып, крык, Плямы раз’юшаных каркаў, Шчаціна ўздыбленых пік. Лойка. Падводы ж зрабілі круг, пераехалі цераз ручай і выбраліся на грэбень узгорка, парослага густой шчацінай маладога сасонніку. Жычка.
шчацінападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае выгляд, форму шчаціння. Шчацінападобная ігліца.
шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.
2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.
шчаці́ніцца, ‑ніцца; незак.
Падымацца ўгору, уставаць тарчма. Гэта быў стары дзед з жоўтым, як воск, тварам, на якім шчацінілася сівая няголеная барада. Арабей. // перан. Стаяць шчаціннем, нагадваць сабой шчацінне. Крыху зводдаль, ад лесу, шчацініўся малады хвойнічак. Ваданосаў. На мурожных грудах чарнеў пасохлы дзяцельнік і малачайнік, шчацініўся рэдкі сівец. С. Александровіч. // перан. Быць пакрытым чым‑н. калючым, што нагадвае сабой шчацінне. Палеткі шчацініліся калючым іржэўнікам. Дудо.
шчаці́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Падымаць угору, натапырваць поўсць, шчацінне і пад. Воўк шчацініць поўсць. // перан. Ставіць тарчма што‑н., рабіць што‑н. падобным на шчацінне. Вецер на страсе шчацініць салому.
шчаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
1. Памянш.-ласк. да шчацінне, шчаціна. Наставіўшы рэдкую шчацінку хібкоў, .. [парасяты] заядла наскоквалі адзін па аднаго. Самуйлёнак. Сталеў, мужнеў Юзік. Прабілася нарэшце і рэдкая мяккая шчацінка на ягонай барадзе. Хадановіч.
2. Разм. Адзін кароткі жорсткі валасок. На .. шыракаватым бялявым твары таксама месцамі тырчалі шчацінкі: дзе пучкамі, дзе па адной. Кулакоўскі.
3. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У батаніцы — жорсткія валасні на паверхні сцябла і лісцяў раслін.
4. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У заалогіі — рухомыя вырасты ў членістаногіх, што служаць органамі дотыку.
шчаці́нне, ‑я, н., зб.
Жорсткая і кароткая шэрсць у некаторых жывёл. Увесь.. [дзік] пакрыты густым і цёмным, амаль чорным шчаціннем. В. Вольскі. // Такая шэрсць, якая з’яўляецца сыравінай для прамысловасці і ідзе на выраб шчотак, пэндзляў і пад. [Цётка:] Адзін ездзіць косткі збірае, другі — шчацінне, трэці — шкуркі кратовыя. Жычка. // Разм. Валасы на твары чалавека. Дзямід Сыч здзіўлена паглядзеў на зарослы чорным шчаціннем неахайны твар Песенькі і адразу памякчэў. Паслядовіч. // перан. Разм. Пра што‑н. жорсткае, калючае. З пустазелля, з густога шчаціння хмызнякоў як бы ішоў голас палёў — жывы дакор чалавеку. Хадкевіч.
шчаці́ннік, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца апрацоўкай шчаціння і вырабамі з яго.