чы́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чыркаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. За сцяной пачулася чырканне запалкі, адсунулі крэсла. Васілевіч.
чыркану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да чыркаць (у 1, 2 знач.).
2. Разм. Выстраліць кароткай чаргой з аўтаматычнай зброі. Блізка, за Баркамі на пасецы, чырканулі кароценька з аўтамата, усё роўна што там зламалі сухое дрэва. Пташнікаў.
чы́ркацца, ‑аецца; незак.
Зал. да чыркаць (у 1, 2 знач.).
чы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Праводзіць па чым‑н. чым‑н., пакідаючы след, лінію. Лупіла [бульбу] на дранікі, спраўна, мерна, цыркала па тарцы. Мележ. // Хутка пралятаючы, зачэпліваць, кранаць што‑н. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. // Рэзка праводзячы па карабку або па чым‑н. цвёрдым, прымушаць гарэць (запалкі). Гамыра чыркае запалку. Колас. Усе маўчалі: хто закусваў, а хто чыркаў запалкаю аб карабок — адразу ж прыкурваў чарговую цыгарэту. Сіпакоў. // Закранаць, драпаць па чым‑н. у час руху. Чыркаючы палачкай па дарозе, ён бадзёра крочыў і праз вялікія рагавыя акуляры аглядаў балота. Дуброўскі.
2. Хутка, спяшаючыся, пісаць што‑н. Я азірнуўся назад, у правы куток, дзе .. нешта цыркала на кавалку паперы Юнона. Мыслівец. Старшыня маўчаў, нешта чыркаў асадкай па паперцы. Галавач.
3. Утвараць характэрныя гукі, спяваць (пра некаторых птушак). Недзе на Доўгіх пад самым месяцам чыркалі, што ўсё адно шасталі трысцём, дзікія качкі. Пташнікаў.
чы́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Тое, што і чыркануць. Гаспадар прайшоў да стала, зняў з лямпы шкло, падкруціў кнот. Дастаў з кішэні запалкі, чыркнуў. Лупсякоў. Жанчына ўздыхнула, чыркнула нешта сабе ў блакнот і зноў схілілася над папкай. Палтаран. Вось толькі тут былі [чыжы], чыркнулі крыламі па вадзе і ўжо далёка-далёка. Савіцкі.
чыро́к, ‑рка, м.
Невялікая вадаплаўная птушка падсямейства качак. Над галовамі са свістам праносяцца хуткакрылыя чыркі, кулікі, пралятаюць невялічкія чародкі шпакоў, лунаюць снежна-белыя чайкі. Ігнаценка.
чыры́канне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чырыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Верабейчыкі з вясёлым чырыканнем снуюць у паветры. Колас. Белагрудыя ластаўкі з вясёлым чырыканнем снавалі высока над зямлёй. Беразняк.
чыры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і цырыкаць. Верабей скача па гладкім асфальце тратуара і нешта па-свойму гаворыць, чырыкае. Брыль. Ля ганка сельмага чырыкалі вераб’і, трымцела ад ветру і залацілася на сонцы растрэсеная на вуліцы салома. М. Стральцоў.
чыры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да чырыкаць.
чы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Абл. Шоргаць, соўгаць па чым‑н., пакідаючы след. Паглыблены ў гэтыя нечаканыя думкі, стараючыся адмахнуцца ад іх, Максім не адразу зразумеў, чаму гэта Маня спынілася пасярод вуліцы, пачала чырыць чаравікам па зямлі. Кудравец. Стары ішоў насустрач і задуменна чырыў перад сабою кійком, нібы падмятаючы асфальт. Карпаў.